ААН збіраецца 15 гадоў сачыць за жыццём трох беларускіх дзяўчатак

video

Як гэта, жыць і ведаць, што за тваім лёсам назіраюць на рэгіянальным і міжнародным узроўні? Тры дзяўчыны з Беларусі ўдзельнічаюць у праекце фонду ААН у галіне народанасельніцтва.

За гісторыямі абраных удзельніц будуць назіраць цягам 15 гадоў, каб апісаць выклікі, з якімі яны сутыкаюцца, ды магчымасці, што дае грамадства і дзяржава для рэалізацыі іхных правоў і патэнцыялу ў Беларусі.

«Не будзем умешвацца ў іх жыццё, каб быць упэўненымі, што яны зрабілі сумленны выбар у сваім жыцці. Але канешне на працягу 15 год фонд ААН у галіне народанасельніцтва будзе ажыццяўляць шэраг праектаў, які мусіць падвысіць патэнцыял і натхніць дзяўчынак-падлеткаў на атрыманне вышэйшай адукацыі, на самаразвіццё», – распавядае Агнія Асановіч, адмыслоўца UNFPA.

У праекце ўдзельнічае 17 краінаў Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Гераіням прапаноўваецца адказаць на шэраг пытанняў і падзяліцца сваймі планамі ды марамі на будучыню.

«Мая самая вялікая мая мара – устаць на ногі»

Удзельніца праекту Дарʼя Болт кажа, што вельмі хоча трапіць у Японію і Кітай, а вось Юлія Брэзіна – іншая ўдзельніца, марыць пра тое, што даступна бадай кожнаму чалавеку – устаць на ногі.

Юлія – адна з гераінь праекту мае інваліднасць, другая – жыхарка сельскай мясцовасці, трэцяя – дзяўчынка з супольнасці цыганоў. Іх абралі, бо агенцтвы ААН працуюць з катэгорыямі людзей, у якіх абмежаваныя магчымасці ды патрэбная дадатковая дапамога для рэалізацыі ў грамадстве.

«Нам падалося гэта цікава. Тым болей Даша крыху такая ў нас сарамлівая. І новыя зносіны, мне б хацелася, каб яе гэта можа быць раскрыла», – дзеліцца мама Дарʼі, Ганна Болт.

Гісторыю кожнай дзяўчынкі размесцяць на сайце Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў. У 2030 годзе з удзельніцамі зноў сустрэнуцца ды запішуць чарговае інтэрвю, каб ацаніць, ці атрымалася ў іх зрэалізаваць свае планы, і што змянілася ў іхным жыцці.

Вольга Чайчыц, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары