Рэха аднаго забойства: Арменія разарвала дыпламатычныя адносіны з Вугоршчынаю


https://youtu.be/qJ6qyBMx4zk
Учора армянскі прэзідэнт Сэрж Саргсян (Serzh Azati Sargsyan) заявіў пра разрыў міжнародных кантактаў з Вугоршчынаю.

Рашэнне прынялі на паседжанні Рады бяспекі Арменіі ў сувязі з экстрадыцыяй вугорскім бокам на радзіму азербайджанскага афіцэра Раміля Сэфэрава (Ramil Sahib oğlu Səfərov). У лютым 2004 года ён сякерай забіў соннага армянскага вайскоўца Гургена Маргар’яна.

Раміль Сэфэраў і Гурген Маргар’ян разам удзельнічалі ў праграме NATO „Партнёрства ў імя міру” ў Будапешце.

Імаверным матывам забойства была этнічная нецярпімасць азербайджанца да прадстаўніка армянскага войска. Азербайджан і Арменія здаўна канфліктуюць з-за спрэчнай тэрыторыі Нагорнага Карабаху.

У 2006 годзе вугорскі суд вынес Сафараву вырак: пажыццёвае зняволенне з правам прашэння аб памілаванні не раней як праз 30 гадоў. Пасля леташняга візіту прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана (Viktor Orbán) ў Баку і сакрэтных перамоваў, асуджанага перадалі азербайджанскаму боку. Учора афіцэра даставілі ў Баку. Прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў адразу ж выдаў дэкрэт пра ягонае памілаванне.

„Гэта адбылося, бо ўлады Вугоршчыны, чальца ЕЗ і NATO, пайшлі на супрацу з уладамі Азербайджану. У выніку вераломных падзеяў забойца апынуўся ў Баку і на свабодзе. Улады Вугоршчыны мусяць зразумець, што зрабілі вялікую памылку”, – пракаментаваў сітуацыю прэзідэнт Арменіі Сэрж Саргсян.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары