Каваленка папрасіў жонку прывезці ў турму дзяцей і прыгатаваць смажаную качку


Напрыканцы ліпеня ў магілёўскай калоніі адбудзецца доўгатэрміновае спатканне Сяргей Каваленкі з сям’ёй. Пра гэтыя ды іншыя навіны ад палітвязня службе інфармацыі “Белсату” паведаміла Алена Каваленка.

Жонка палітвязня Сяргея Каваленкі расказала пра ўчорашнюю тэлефонную размову.

“З 24 да 27 ліпеня мае адбыцца доўгатэрміновае спатканне. На яго я збіраюся з дзецьмі ды братам Сяргея. Муж атрымаў перадачы з медычнымі сродкамі. Цяпер пачуваецца больш-менш нармальна, непакоіць галаўны боль. Ён займаецца фізічнымі практыкаваннямі, каб аднавіць фізічную форму, вярнуць цягліцы, якія страціў падчас галадоўкі”, – распавядае Алена Каваленка.

Напрыканцы чэрвеня Сяргею Каваленку кіраўніцтва калоніі надало статус злоснага парушальніка. Як паведаміла спадарыня Алена, пасля гэтага дадалося яшчэ адно парушэнне, паперу аб якім Сяргей не падпісаў на знак нязгоды.

Раней жонка палітвязня распавядала, што ягонаму арганізму, аслабленаму галадоўкаю, трэба бялкі. А набываць у турэмнай краме харчоў, як “злосны парушальнік”, ён можа толькі на Br 100 на месяц.

“Сяргей сумуе па сям’і, па дзецях, але трымаецца. Ён чакае сустрэчы з намі. Прасіў, каб я прыгатавала яму качку. Павязем таксама харчовую перадачу, як звычайна: гародніну, садавіну. У душэўным плане ён больш-менш трымаецца”, – кажа жонка палітвязня.

Нагадаем, што Сяргей Каваленка адбывае пакаранне 2 гады і 1 месяц пазбаўлення волі ў магілёўскай калоніі з лютага 2012 года. Яго судзілі паводле абвінавачання ва ўхіленні ад адбывання іншага пакарання – у выглядзе абмежавання волі. Той прысуд атрымаў у траўні 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ялінцы Віцебску.
З лютага 2012 года Сяргей Каваленка на знак пратэсту супраць выраку абвесціў галадоўку, якую трымаў прыкладна два месяцы.

belsat.eu

Стужка навінаў