Беларусь святкуе Дзень Перамогі


У Беларусі адзначаецца дзяржаўнае свята – Дзень Перамогі. Традыцыйна гэты дзень –выходны. Цэнтральная падзея святкавання – урачыстае шэсце ветэранаў ад Кастрычніцкай плошчы і да плошчы Перамогі ў Менску. Узначаліць калону Аляксандр Лукашэнка ды іншыя вышэйшыя службовыя асобы. Плануецца, што ў шэсці возьмуць удзел каля 10 тыс. чалавек, у тым ліку ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, яшчэ 5 тыс. будуць вітаць іх па абодва бакі праспекту Незалежнасці.

На ўрачыстасці з нагоды Дня Перамогі запрошаныя кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў краінаў ЕЗ і ЗША. Гэта будзе першае з’яўленне на публіцы еўрапейскіх амбасадараў, якія вярнуліся ў Менск напрыканцы красавіка, пасля дыпламатычнага канфлікту паміж Менскам і Бруселем. Варта адзначыць, што летась заходніх дыпламатаў на афіцыйнае святкаванне 9 траўня не запрашалі. Кветкі да манументу Перамогі яны ўсклалі 10 траўня. Міністэрства замежных справаў Беларусі тады адмовіўся каментаваць сітуацыю.

Агульнагарадскія гулянні ў Менску пачнуцца а 13:00 у парку Перамогі і ў раёне Палацу спорту. Яны скончацца а 22:00, калі ў шасці месцах гораду дадуць святочны салют.

Паводле інфармацыі Міністэрства абароны, цяпер у Беларусі жывуць 30 520 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з якіх 21 503 – удзельнікі баявых дзеянняў на франтах. Сярод ветэранаў – сем герояў Савецкага Саюзу і адзін поўны кавалер ордэну Славы.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары