Апытанне: месяц без амбасадараў


Мінуў амаль месяц з моманту, калі афіцыйны Менск прапанаваў кіраўніцы прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Майры Муоры і амбасадару Польшчы Лешэку Шэрэпку «выехаць у свае сталіцы для кансультацыяў, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку наконт непрымальнасці ціску і санкцыяў». На знак салідарнасці беларускую сталіцу пакінулі амбасадары краінаў Еўразвязу. Журналісты «Белсату» запыталі менчукоў, што яны пра гэта думаюць.

«Сябраваць трэба з Еўропаю. З гэтымі краінамі ў нас станоўчы гандлёвы баланс – у Расеі мы больш купляем, чымся прадаем. На эканоміцы гэта адаб’ецца. Спадзяюся, што цвярозы розум адыграе сваю ролю, у першую чаргу – у нас. Бо як так – адна краіна і супраць усёй Еўропы? Не можа быць, каб адзін разумны, а вакол усе неразумныя людзі. Трэба прыслухвацца, чаго патрабуюць ад нас», – падзяліўся сваімі думкамі адзін з апытаных. «Амбасадары – гэта міжнароднае ўзаемадзеянне паміж краінамі, таму я стаўлюся да гэтага адмоўна. Трэба наладжваць адносіны», – мяркуе іншая рэспандэнтка.

«Значыць, ім няма чаго тут рабіць, раз не вяртаюцца, і сцяг ім у рукі!» – заявіў жыхар Менску.

«Я таксама з’ехаў бы адсюль з задавальненнем, і як толькі у мяне з’явіцца такая магчымасць, то абавязкова адсюль з’еду», – дадаў іншы ўдзельнік апытання.

belsat.eu

Стужка навінаў