Хто паедзе на Алімпіяду ў Лондан, выбіраюць праз банк ДНК


Генетыкі распавялі, як у Беларусі выбіраюць спартоўцаў на Алімпійскія гульні.

Пры дапамозе тэсту ДНК вызначаюць біялагічны патэнцыял спартоўца і магчымасць яго ўдзелу ў тых ці іншых відах спорту. “Акрамя таго, тэст можа вызначыць схільнасць да захворванняў, што таксама важна, бо спартовец можа быць носьбітам нейкіх рэдкіх мутацыяў, якія могуць прывесці да праблемных сітуацыяў”, – распавёў дырэктар Інстытуту генетыкі ды цыталогіі НАН Беларусі Аляксандр Кільчэўскі 22 сакавіка на семінары, прысвечаным даследаванням апошніх гадоў у галіне спартовай генетыкі ды геномікі чалавека.

Метад дазваляе вызначыць схільнасць чалавека да спорту ўвогуле і да канкрэтных відаў спорту ў прыватнасці. Аднак, прызнаецца Кільчэўскі, поспех у тым ці іншым выглядзе спорту забяспечваецца не толькі групамі, якія адказваюць за фізічныя звесткі генаў, але і іншымі складнікамі, сярод якіх лад жыцця чалавека, працэс трэніровак, псіхафізіялагічны стан.

Метад спартовага ДНК-тэставання паспяхова ўжываецца як у Беларусі, так і ў іншых краінах. Гэтак, у нас з дапамогаю тэсту ўжо даследавалі 15 нацыянальных і алімпійскіх камандаў, паведаміў Кільчэўскі. Акрамя таго, у краіне створаны генетычны банк, у якім каля пяцісот узораў ДНК. “Гэты патэнцыял выкарыстоўваецца дзеля дапамогі нашым спартовым федэрацыям. Сярод іншага, да яго звярталіся пры падрыхтоўцы нацыянальнай зборнай па біятлоне перад Алімпіядаю ў Ванкуверы, і цяпер перад лонданскаю Алімпіядаю ён таксама выкарыстоўваецца”, – адзначыў навуковец.

Ён растлумачыў, што спартовая генетыка больш папулярная ў невялікіх краінах, якія не могуць пахваліцца такім шырокім біялагічным патэнцыялам – колькасцю людзей, з якіх можна адабраць спартоўцаў, – як тое магчыма ў Кітаі, Расеі ці ЗША. “Гэта перспектыўны і важны кірунак, бо ён дазваляе захаваць здароўе спартоўцаў, а таксама правільна і рацыянальна выкарыстоўваць грошы, якія дзяржава выдаткоўвае на спорт”, – сказаў Кільчэўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў