Класкоўскі: Падтрыманне Лукашэнкі Масквою – не альтруістычнае


Найбольш адчувальнае наступства ўвядзення эканамічных санкцыяў супраць афіцыйнага Менску – гэта спыненне экспарту беларускіх нафтапрадуктаў у краіны ЕЗ. Абысці санкцыі магчыма будзе праз расейскія фірмы. «Аднак прыйдзецца «адшпільваць» ім, дзяліцца прыбыткамі. Гэта ўдар па беларускім нафтавым афшоры. А па вялікім рахунку, за кожны акт дапамогі Расея будзе ўсё глыбей уцягваць Беларусь у пастку так званай еўразійскай інтэграцыі», – заявіў палітолаг Аляксандр Класкоўскі ў інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

Еўразвяз будзе вымушаны пашырыць санкцыі супраць Беларусі, калі палітвязняў у краіне не вызваляць. Такую заяву зрабіў міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі ў Берліне 21 сакавіка. Ці станецца ў такім выпадку Масква «адвакатам» Менску на міжнароднай арэне і ці дапаможа пераадолець эканамічныя наступствы ўвядзення санкцыяў?

«Віцэ-прэм’ер Рагозін заявіў, што Расея падтрымае Менск у выпадку эканамічных санкцыяў. Але гэта беларускі бок найбольш піярыць тое, што «знайшоў шчыт» у Маскве на гэты выпадак, – гаворыць Аляксандр Класкоўскі. – Відавочна, што беларускае кіраўніцтва стараецца падстрахавацца». Эксперт перакананы, што Масква будзе і надалей падтрымліваць свайго заходняга хаўрусніка. «Для яе гэта пытанне іміджу і пытанне гонару», – кажа Класкоўскі.

Тым не менш, шэраг расейскіх медыяў назваў Лукашэнку вінаватым у правале апошняга саміту ЕўрАзЭС, хоць фактычна запланаваная дамова не была падпісаная з-за пазіцыі Казахстану. «Не выключана, што расейскія медыі ўдарылі «з інерцыі», бо беларускі кіраўнік для іх – улюбёная мішэнь яшчэ з часоў інфармацыйных войнаў, і за тое, што лішні раз удараць, – у Крамлі за гэта лішні раз не ўшчуваюць», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі. Палітолаг падкрэслівае, што ў цяперашняй сітуацыі беларускі бок стараецца быць «узорным партнёрам па інтэграцыі». «Думка, што Масква раптам прыкруціць кранік, раптам пазбавіць датацыяў… ад яе валасы дыбарам у беларускага начальства», – дадаў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў