Кавалёва: Не магу паверыць, што Лукашэнка не памілаваў сына


Кіраўнік дзяржавы пастанавіў не прымяняць памілаванне да асуджаных на смяротную кару за тэрарызм Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Паведамленне аб гэтым прагучала ў вячэрнім выпуску праграмы “Панарама” на тэлеканале “Беларусь 1”.

Такое рашэнне Аляксандра Лукашэнкі абумоўлена небяспекай і надзвычайна цяжкімі наступствамі для грамадства ўчыненых актаў тэрарызму і іншых злачынстваў, спалучаных з забойствам вялікай колькасці людзей і прычыненнем грамадзянам шматлікіх цялесных пашкоджанняў, сказаў вядучы праграмы навінаў.

Маці Уладзіслава Любоў Кавалёва пачула пра гэта ў эфіры. “За што?! Няўжо гэта праўда? Як можна было прыняць такое рашэнне, калі яшчэ не напісана наглядная скарга?” – гаворыць яна, не стрымліваючы слёз.

Ураджэнцы Віцебска 26-гадовыя Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў затрыманы 12 красавіка 2011 г. па падазрэнні ва ўчыненні напярэдадні выбуху на станцыі “Кастрычніцкая” Менскага метрапалітэна. Аднак да прад’яўленага затым абвінавачання ў гэтым тэрарыстычным акце пазней дабавіліся абвінавачанні ва ўчыненні іншых злачынстваў, у тым ліку Канавалаву — у выбуху ў Менску 4 ліпеня 2008 г. на канцэрце з нагоды Дня Незалежнасці. Канавалаў прызнаў сябе вінаватым ва ўчыненні двух тэрактаў у Менску, але не прызнаў сябе вінаватым ва ўчыненні двух выбухаў у Віцебску восенню 2005 г., Кавалёў — не прызнаў сябе вінаватым у дапамаганні тэрарызму. 30 лістапада 2011 г. Вярхоўны суд прыгаварыў абодвух фігурантаў да вышэйшай меры пакарання — смяротнай кары.

У выніку тэракта 11 красавіка 2011 г. 15 чалавек загінулі, цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі 32, менш цяжкія — 72, іншыя цялесныя пашкоджанні — 283 чалавекі. У выніку выбуху 4 ліпеня 2008 года ў Мінску раненні атрымалі 59 чалавек, 22 верасня 2005 года ў Віцебску — 55 і 14 верасня ў Віцебску — два чалавекі.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, Дзмітрый Канавалаў адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта. Уладзіслаў Кавалёў прашэнне напісаў.

Цягам трох з паловай месяцаў маці Кавалёва актыўна змагалася за свайго сына, звярталася да ўладаў, міжнародных арганізацый. Яна накіравала ў Камітэт ААН па правах чалавека скаргу аб парушэнні права на жыццё. Скарга была афіцыйна зарэгістравана ў камітэце ААН 15 снежня. У адпаведнасці з працэдурнымі правіламі Камітэт ААН па правах чалавека звярнуўся з просьбай да ўладаў Беларусі не прыводзіць у выкананне смяротны прыгавор Кавалёву, пакуль скарга не будзе разгледжана па сутнасці.

11 сакавіка маці і сястра Кавалёва сустракаліся з ім ў СІЗА КДБ.

belsat.eu

Стужка навінаў