Менчукі супраць «ушчыльнення»


Ініцыятыўная група сабрала 1404 подпісы пад зваротам да кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча і старшыні Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі – супраць больш шчыльнай жылой забудовы ў мікрараёне Уручча-2.

Пра гэта паведаміў член аргкамітэту для стварэння грамадскай арганізацыі “Еўрапейская перспектыва” Дзяніс Кобрусеў. Чальцы аргкамітэту дапамагаюць грамадскім актывістам збіраць подпісы і распаўсюджваць зварот праз медыі.

Паводле Кобрусева, 7 сакавіка актывісты перадалі падпісаны зварот у адпаведныя інстанцыі.

Барацьба жыхароў раёну супраць шчыльнейшай забудовы ідзе ўжо сем гадоў. Падставаю для чарговай ініцыятывы сталі планы ўладаў распачаць будаўніцтва першага з шасці запраектаваных у раёне дамоў. “Ад 2005 г. мы вытрымалі восем грамадскіх абмеркаванняў аднаго і таго ж праекту ўшчыльнення. Грамадзяне масава ўдзельнічалі ў абмеркаваннях і заўсёды выказвалі рэзкі пратэст супраць забудовы. Наш пратэст аргументаваны не абывацельскім “падабаецца, не падабаецца”, а будаўнічымі нарматывамі ды беларускім заканадаўствам. Існая шчыльнасць забудовы жылой тэрыторыі Уручча-2 у два разы вышэйшая за норму! Адсюль сённяшнія вялікія праблемы з паркоўкамі, з наведваннем паліклінікаў, з дзіцячымі садкамі і г. д.”, – падкрэсліваецца ў адкрытым звароце.

“Мы, жыхары мікрараёну, заяўляем, што будзем да канца змагацца супраць незаконных планаў забудовы і без таго перанаселенага мікрараёну. Імкненне людзей адстойваць свае правы расце! У 2011 г. намі было ўжо сабрана больш як 3000 подпісаў супраць новага будаўніцтва. Мы патрабуем, каб Адміністрацыя прэзідэнта, Савет Міністраў, Менгарвыканкам умяшаліся ў канфлікт яшчэ да таго, калі сітуацыя абвастрыцца да мяжы і выйдзе з-пад кантролю. Бо ўжо сёння раённая адміністрацыя сутыкае ілбамі членаў утвораных ЖБСК і тых, хто ўжо жыве ў мікрараёне больш за дваццаць гадоў”, – гаворыцца ў адкрытым звароце.

Супрацьстаянне працягваецца ўжо не першы год. Сталічныя ўлады ўвогуле часта маюць канфлікты з жыхарамі гораду – варта згадаць прынамсі парк 40-годдзя кастрычніка, на месцы якога ўсё ж пабудуюць гатэльны комплекс “Пекін”. І гэта нягледзячы на пратэсты і звароты грамадзянаў.

“Белсат” запытаўся ў менчукоў: як ім падабаецца сённяшні выгляд гораду і ці ўплываюць на яго гараджане?

“Нахабна проста ўмешваюцца ў культурнае сэрца гораду – глядзець на гэта немагчыма. У гараджанаў ужо, напэўна, сілаў няма. Раней людзі неяк баранілі будынкі, якія нават прызначаныя пад знос былі. А потым, відаць, зразумелі, што немагчыма ісці супраць нашых уладаў”, – кажа жанчына.

“Ну, наўпрост людзі хіба не маюць магчымасці паўплываць. Я мянчанка, і мне падабаецца ўсё, што будуецца ў маім горадзе”, – кажа наступная рэспандэнтка.

“Наўрад ці меркаванне менчукоў улічваецца пры фармаванні вобразу сталіцы. У прынцыпе, штосьці нават няблага глядзіцца, але калі людзі супраць… Вось я жыву каля Севастопальскага парку, дзе хочуць кальцавую дарогу зрабіць, народ ужо вельмі доўга пратэстуе, але выніку няма”, – апавядае малады чалавек.

“Апошнім часам Менск проста выдатна выглядае. Шмат чаго змянілася, але толькі ў лепшы бок – выдатныя спартовыя будынкі, вось хутка чакаем Чыжоўскую арэну – выдатна”, – мяркуе мужчына сталага веку.

belsat.eu

Стужка навінаў