7-гадовай дзяўчынка з Алепа напісала ліст Трампу


Сірыйская дзяўчынка Бана, якая пры дапамозе сваёй маці вядзе Twitter, напісала адкрыты ліст да новага прэзідэнта ЗША. Паводле маці Баны, яна напісала яго за некалькі дзён да інаўгурацыі Трампа.

«Вы павінны нешта зрабіць для сірыйскіх дзяцей, таму што яны такія ж, як і вашыя дзеці, і таксама заслугоўваюць жыць у свеце, як і вы», – напісала яна.

Раней Бана пісала пра жыццё ў асаджаным Алепа. Дзяўчынка пачала весці запісы ў Twitter у верасні, калі войскі Башара Асада пры падтрымцы Расеі пачалі наступ у кантраляванай паўстанцамі ўсходняй частцы гораду. Пасля ейны акаўнт замаўчаў.

У снежні Бана разам з сямʼёй збегла з Алепа, калі праходзіла эвакуацыя мірных жыхароў. Цяпер яна жыве ў Турцыі, якая падтрымлівае сірыйскую апазіцыю.

На акаўнт Баны у Twitter падпісаныя больш за 360 тысяч асобаў.

Перамовы па Сірыі прынеслі прамежкавыя вынікі

Як актыўна новая амерыканская адміністрацыя будзе дапамагаць у вырашэнні сірыйскага канфлікту пакуль не ясна. Апошнім часам, у тым ліку з-за змены кіраўніка Белага дому, Вашынгтон адхіліўся ад вырашэння гэтага пытання.

На двухдзённых перамовах па крызісу Сірыі ў Астане краіны-ўдзельніцы перамоўнага марафону (Сірыя, Расея, Турцыя, Іран) дамагліся некаторых вынікаў. У прыватнасці, Расея, Турцыя і Іран пагадзіліся стварыць трохбаковы механізм для кантролю рэжыму спынення агню.

Бакі заснуюць сумесную аператыўную групу, якая будзе кантраляваць выкананне перамірʼя ў краіне. Яна пачне працаваць у Астане ўжо ў наступным месяцы. Пры неабходнасці да групы могуць падключыць прадстаўнікоў урада Сірыі і апазіцыю, заявіў спецпрадстаўнік Пуіна па Сірыі Аляксандр Лаўрэнцьеў.

ДР belsat.eu паводле bbc

Глядзі таксама
Каментары