Сёння ПАРЕ прыме рэзалюцыю пра Беларусь


На зімовай сесіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) у Страсбуры сёння плануецца прыняцце рэзалюцыі пра Беларусь. Слуханні ў беларускім пытанні прайшлі ў палітычным камітэце ПАРЕ. З боку Беларусі для ўдзелу ў іх у Страсбур запрасілі лідара руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, актывіста кампаніі «Гавары праўду!» Аляксандра Фядуту, рэктара ЕГУ Анатоля Міхайлава і Любоў Кавалёву – маці прыгаворанага да смяротнай кары Уладзіслава Кавалёва.

Пасля слуханняў спавяшчальнік ПАРЕ пра сітуацыю ў Беларусі Андрэс Хэркель (Эстонія) паведаміў, што Асамблея можа рэкамендаваць Радзе Еўропы ўвесці ў дачыненні афіцыйнага Менска такія ж санкцыі, якія ўвёў Еўразвяз.

Хэркель нагадаў, што ў снежні слуханні ў пытанні Беларусі праходзілі ў юрыдычным камітэце ПАРЕ. «Усё гэта сведчыць пра тое, што беларускае пытанне мае вялікае значэнне для Асамблеі, – заявіў эстонскі дэпутат. – Я вельмі ўдзячны Асамблеі, што на гэтай сесіі знойдзены час для правядзення слуханняў і абмеркаванняў Беларусі».

Хэркель паведаміў, што па выніках разгляду ягонага спавешчання на сесіі 25 студзеня не толькі прымуць рэзалюцыю, але і дадуць рэкамендацыі. «Мы звернемся да Камітэту міністраў Рады Еўропы з пэўнымі рэкамендацыямі ў пытанні Беларусі. У прыватнасці, плануецца рэкамендаваць краінам – чальцам Рады ўвесці такія ж санкцыі, якія Еўразвяз увёў у дачыненні Беларусі. Таксама мы будзем рэкамендаваць працягваць працу для падтрымання грамадзянскай супольнасці Беларусі, падтрымання незалежных медыяў і ўніверсітэтаў», – заявіў спавяшчальнік ПАРЕ пра Беларусь.

belsat.eu

Стужка навінаў