Захаваць парк 40-годдзя Кастрычніка


Жыхары Менску і грамадскія актывісты спрабуюць абараніць парк перад рашэннем забудаваць больш як 70 % ягонай тэрыторыі. Гэта прадугледжвае праект гатэльнага комплексу “Пекін”. Каля двух дзясяткаў дрэваў ужо знішчаныя.

Абаронцы парку прапаноўваюць уладам ды інвестарам перанесці “Пекін” на тэрыторыю размешчанага побач недабудаванага заводу імя Кірава, а парк – захаваць. Яны ўжо звярталіся ў Адміністрацыю прэзідэнта, асабіста да старшыні Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі, у Камітэт дзяржкантролю, адміністрацыю Ленінскага раёну Менску, Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, у Палату прадстаўнікоў. Больш як 400 чалавек падпісаліся пад адпаведным зваротам на імя Аляксандра Лукашэнкі.

5 студзеня прадстаўнікам грамадскасці ўдалося прыпыніць высяканне дрэваў у парку, але актывісты асцерагаюцца, што працы могуць аднавіцца ў любы час.

Як стала вядома сёння, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі лічыць неабходным максімальна захаваць тэрыторыю менскага парку імя 40-годдзя Кастрычніка пры будаўніцтве гатэлю “Пекін”. Адпаведны ліст за подпісам кіраўніка Мінпрыроды Уладзіміра Цалко адпраўлены 10 студзеня на імя старшыні Мінгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі.

Як паведаміла прэс-сакратар Мінпрыроды Алена Пенязь, у лісце зазначаецца, што распрацаваны праект дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах вуліцаў Ульянаўская, Першамайская, Пуліхава, Смаленская і Леніна прадугледжваў стварэнне парку імя 40-годдзя Кастрычніка агульнаю плошчаю 7,6 га з дапушчальнаю забудаванасцю да 40 %.
Схема ж забудоўвання не распрацоўвалася, не вызначалася аб’ектаў, якія размесцяцца ў праектаваных межах. Архітэктурны праект забудовы згаданай тэрыторыі на дзяржаўную экалагічную экспертызу не трапляў. Надзел пад будаўніцтва новага гатэлю вылучаны ўнутры парку, што не дазваляе захаваць яго нават часткова.

Пенязь паведаміла, што раней на прапанову Мінпрыроды гарадскія ўлады вырашылі адмяніць будаўніцтва рэстарану на тэрыторыі гэтага парку, а таксама аб не дапусцілі руху ў ім аўтатранспарту.

Для развязання гэтай ды некаторых іншых праблемаў Мінпрыроды прапаноўвае Мінгарвыканкаму правесці нараду з удзелам зацікаўленых дзяржорганаў і арганізацыяў. Пакуль жа грамадскасць чакае адказаў і нарадаў чыноўнікаў, а дрэвы пакрысе пілуюць, некаторыя абралі больш радыкальныя захады дзеля абароны парку. Уначы з 10 на 11 студзеня менскія анархісты “зацвікавалі” каля 10 дрэваў, прызначаных на знішчэнне. Актывісты забілі ў камлі некалькі цвікоў пад рознымі вугламі ды пакінулі адпаведныя папярэджанні, што спроба спілаваць дрэва можа прывесці да пашкоджання інструменту.

belsat.eu

Стужка навінаў