Адмена зімовага часу прывяла да павелічэння ДТЗ


Да такой высновы прыйшлі працаўнікі ДАІ.

Паводле старшага інспектара асаблівых даручэнняў УДАІ МУС маёра міліцыі Ганны Банадык, праз адмену зімовага часу вырас паказнік траўматызму пешаходаў у ранішнія гадзіны. Ліхтары адключаюць а 9-й гадзіне раніцы, хоць сапраўды светла ў горадзе становіцца толькі а 10-й. 79 % аварыяў з пацярпелымі адбыліся праз віну кіроўцаў, астатнія – праз віну пешаходаў, раварыстаў.

“Кожнае пятае ДТЗ – гэта вынік парушэння хуткаснага рэжыму, кожнае сёмае – правілаў праезду пешаходных пераходаў, кожнае восьмае – чарговасці праезду скрыжаванняў, кожнае дзявятае – правілаў манеўравання”, – каментуе прадстаўніца МУС. Асаблівую заклапочанасць выклікае павелічэнне ДТЗ пры здзяйсненні абгонаў. 23 % аварыяў – гэта лабавыя сутыкненні.

Ва ўпраўленні ДАІ дадаюць, што павялічылася таксама колькасць найбольш аварыйных месцаў у Менску. Цяпер іх 87, было 60. Да такіх адцінкаў аднеслі вуліцу Чыгуначную, праспект Дзяржынскага, скрыжаванне Філімонава і Незалежнасці, плошчу Бангалор.

belsat.eu

Стужка навінаў