Бацькам давядзецца даплачваць за харчаванне дзяцей у садках


У Міністэрстве адукацыі не задаволеныя з таго, што цяпер аплата кампенсуе толькі 40 % ад рэальных выдаткаў дзяржавы на дзіцячыя садкі.

Паводле намесніка міністра адукацыі Казіміра Фарыно, аплата будзе паступова павышацца. Пакуль бацькі плацяць 40–80 тыс. руб. штомесяц – у залежнасці ад тыпу дзіцячага садка. «Фіксаваны кошт будзе павялічаны нязначна – на 15–20 тысячаў, – кажа чыноўнік. – Аднак кампенсаваць выдаткі дзяржавы на харчаванне бацькі павінны праз адмысловы бацькоўскі фонд апякунства».

Кожная група ў садку мае бацькоўскі камітэт, ён вырашае, на якія патрэбы выдзеліць установе грошы. Паводле Вольгі Караленкі, маці двух дзяцей і старшыні такога камітэту ў адным з гарадзенскіх дзіцячых садкоў, бацькі штомесяц пераводзяць грошы на рахунак садка або наўпрост купляюць рэчы, патрэбныя для дзяцей. «Пасцельную бялізну, цацкі, кнігі, упрыгожванні да святаў, падарункі выхавальнікам і адміністрацыі – усё гэта набываецца за нашыя грошы, – кажа суразмоўца. – Апроч таго, рамонт таксама робяць бацькі. Даходзіць да таго, што загадчыца садка сказала, што мы таксама павінны аплаціць замену асфальту вакол садочка, бо правяральнікі з аддзелу адукацыі зрабілі кіраўніцтву на гэты конт заўвагу».

Спадарыня Вольга кажа, што бацькі разумеюць – на такія патрэбы ўстанова павінна атрымліваць дапамогу ад дзяржавы: «Але калі мы самыя не купім усё гэта дзецям, нічога ў садочку не з’явіцца – нам пра гэта простым тэкстам кажуць і выхавальнікі, і кіраўніцтва садка».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары