Аляксандр Бухвостаў у “Гарачым каментары”


У Барысаве адбыўся страйк прадстаўнікоў вытворча-гаспадарчай базы прадпрыемства “Жытло”, у якім занятыя каля тысячы рабочых. На страйк выйшлі абодва падраздзяленні – працаўнікі спецаўтабазы, якая займаецца вывазам адкідаў, і “Зеленбуду. Прычына – малыя заробкі, якія не падвышаліся з лістапада 2010 года.

Адзін з лідараў незалежных прафсаюзаў Беларусі, Аляксандр Бухвостаў, кажа, што на вялікіх прадпрыемствах павышэнне заробкаў на 5–10 адсоткаў адбываецца рэгулярна, а на невялікіх, кшталту Барысаўскай ЖКГ, ніхто на гэта не звяртае ўвагі. Як мяркуе спецыяліст, кіраўніцтва краіны баіцца хваляванняў на вялікіх прадпрыемствах.

“У нас няма школы салідарнай барацьбы, улічваючы тое, што прафсаюзы цалкам падпарадкоўваюцца адміністрацыі, яны разам з адміністрацыяй гасяць пажары, а не тое, каб арганізаваць пратэст, які б дазволіў задаволіць іх патрабаванні”, – дадае Бухвостаў.

У згодзе з патрабаваннямі Міжнароднага валютнага фонду выйшаў дзяржзагад: заробкаў насельніцтву не падвышаць.

“Адносна патрабаванняў МВФ я ўжо казаў, што Лукашэнка трапіў у безвыходную сітуацыю. Калі ён будзе выконваць рашэнні фонду, гэта можа сапраўды прывесці да сацыяльнай катастрофы. Цэны растуць, рубель абясцэньваецца, народ можа не вытрымаць. А калі ён гэтага рабіць не будзе – значыць будзе немагчыма стабілізаваць эканоміку”, – лічыць лідар прафсаюзаў.

Калі мы кажам, што дзяржаўныя прафсаюзы карпаратыўныя, гэта адносіцца ў першую чаргу да іх кіраўніцтва. Можа здарыцца сітуацыя, калі з’явяцца новыя лідары, якія змогуць падняць людзей на барацьбу за свае правы. На думку Бухвостава, на сённяшні дзень цяжка разлічваць на эфектыўнасць дзейнасці незалежных прафсаюзаў – яны малаколькасныя, і розныя лідары глядзяць на сітуацыю па-рознаму.

“Найбольш моцнае аб’яднанне – Беларускі незалежны прафсаюз, і ў першую чаргу – “Белкалій”, – кажа Бухвостаў. Аднак, на ягоную думку, беларусы не сфармавалі яшчэ народнай свядомасці, якая б вяла да салідарнасці, каб разам развязаць праблему.

belsat.eu

Стужка навінаў