Лявона Вольскага адключылі з эфіру TUT.BY


Он-лайн-трансляцыя канцэрту музыкі ў наўпроставым эфіры спынілася на палове. Паводле гендырэктара TUT.BY Юрыя Зісера, Вольскі адкрыта здзекаваўся з дзяржаўных асобаў.

Сам Лявон даведаўся аб спыненні трансляцыі толькі пасля выхаду са студыі.

На сустрэчы мелася адбыцца он-лайн-прэзентацыя ягонай новай кнігі “Міларусь”, а таксама канцэрт з абраных песень. У размове Вольскі ўзгадаў пра сітуацыю, у якой апынуўся саліст групы “Ляпіс Трубяцкой”, і назваў прагляд дзяржаўнага тэлебачання сеансам мазахізму. Трансляцыя спынілася, калі музыка выконваў песні з праекту “Сашка і Грышка”. У хуткім часе ўсю інфармацыю аб прэзентацыі выдалілі са старонак парталу.

“У нас ніколі яшчэ не здаралася падобнага, – распавёў музычнаму парталу «Тузін Гітоў» генеральны дырэктар TUT.BY Юрый Зісер. – Але мы мелі падставы, каб спыніць трансляцыю, калі Лявон пачаў адкрыта здзекавацца з дзяржаўных асобаў. Мяркую, што гэта недагляд нашых працаўнікаў. Надалей будзем заклікаць іх больш старанна і пільна рыхтавацца да эфіру”. Рэдактар TUT.BY Марына Золатава патлумачыла, што частка інтэрв’ю Вольскага “супярэчыла канцэпцыі парталу”. Яна ўдакладніла, што справа тычыцца адной з песень, але не назвала, якой менавіта.

Як распавёў сам Лявон Вольскі ў размове з “Белсатам”, ён зусім не чакаў падобнай рэакцыі на свой выступ. “Я не маю паняцця, што было падставай адключэння з эфіру. Найгоршае, што паведамілі аб гэтым толькі пасля заканчэння праграмы”, – кажа ён. Музыка пакуль не ведае, як рэагаваць на падобныя захады.

Рэдакцыя TUT.BY у сваю чаргу абяцае выкласці канцэрт і размову з Лявонам Вольскім ужо ў адрэдагаваным выглядзе.

belsat.eu

Стужка навінаў