Беларускі зэдлік на Вогненнай Зямлі


У менскай галерэі сучаснага мастацтва “Ў” адкрылася фота-выстава беларускіх падарожнікаў Аўгінні Манцэвіч і Уладзіслава Юркова, удзельнікаў экспедыцыі “З зэдлікам да акіяну”.

Экспедыцыя вырушыла у красавіку 2010 года. Двое хлопцаў і дзве дзяўчыны прайшлі з зэдлікам, узятым з гомельскай кухні, праз 14 краінаў Паўднёвай ды Паўночнай Амерыкі.

Аднак да фінішу дайшлі толькі двое – Аўгіння Манцэвіч (Літота) і ейны муж Уладзіслаў Юркоў (Верасень). Свой зэдлік беларусы пакінулі на канцавым прыпынку падарожжа – каля Ціхага акіяну на мысе Горн, у скрайнім пункце архіпелагу Вогненная Зямля.

“У нас ёсць сябар-украінец, Леанід Кантар, ён ужо тройчы хадзіў з зэдлікам да акіянаў. Ён і запрапанаваў нам. Аднак трэба было ўсё гэта актуалізаваць і прывесці ў беларускія рэаліі. Для нас у Беларусі зэдлік – гэта сімвал незалежнасці. Кухня – гэта тое месца, дзе можна падумаць услых і ніхто табе нічога не скажа. Калі кухня – гэта плошча беларускай незалежнасці, тады атрымліваецца, што зэдлік – гэта статуя, той чароўны прадмет, на якім чалавек адчувае сябе незалежным. Зэдлік – гэта нашая культура. Вось мы і падумалі ўзяць частку нашай культуры з сабою”, – апавядае Верасень.

Выстава ў Менску складаецца з 31 фотаздымку. Гэта першая выстава Літоты і Верасня. Яна працягнецца да 18 лістапада ў малой зале галерэі “Ў”. Магчыма, пасля гэтага выстава будзе прэзентавацца ў іншых месцах. Ёсць ўжо прапановы з Вілейкі ды Варшавы.

belsat.eu
https://youtu.be/Rg4w_B0Bn2I
https://youtu.be/4fBRDBmnGWw

Глядзі таксама
Каментары