Рэйтынг б'е рэкорды


Згодна з вераснёўскім даследаваннем Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), рэйтынг прэзідэнта Беларусі за дзевяць месяцаў гэтага года паменшаў у два з паловаю разы.

Калі летась у снежні галасаваць за Аляксандра Лукашэнку былі гатовыя 53 % апытаных, то цяпер толькі 20,5 %. Як паведамляюць сацыёлагі, гэта самы нізкі рэйтынг дзейнага прэзідэнта за ўсю 17-гадовую гісторыю маніторынгу НІСЭПД. Колькасць тых, хто давярае прэзідэнту, таксама паменшала да рэкордных паказчыкаў – з 55 % (летась у снежні) да 24,5 %.

Незалежныя сацыёлагі адзначаюць, што на палітычныя настроі беларусаў паўплываў сацыяльна-эканамічны крызіс: абсалютная большасць рэспандэнтаў (87,6 %) мяркуюць, што краіна ў крызісе, а 61,2 % вінавацяць у гэтым асабіста Аляксандра Лукашэнку. Амаль 35 % апытаных падтрымліваюць патрабаванні аб ягонай тэрміновай адстаўцы, прыблізна такая ж колькасць рэспандэнтаў мяркуе, што з сыходам Аляксандра Лукашэнкі жыццё ў краіне палепшыцца.

Аднак нягледзячы на катастрафічнае падзенне рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі, сукупны рэйтынг лідараў апазіцыі па-ранейшаму складае не больш за 20 %. “Такім чынам, пратэставы патэнцыял, што назапашваецца ў грамадстве, пакуль не канцэнтруецца ні на якіх рэальных альтэрнатывах (апазіцыйных структурах, праграмах, лідарах)”, – падсумоўваюць сацыёлагі.

На думку палітолага Юрыя Чавусава, віны апазіцыі ў гэтым няма. “У Беларусі знішчанае палітычнае поле, і, як вынік, адсутнічае канкурэнтная палітыка. У нас людзі выбіраюць не паміж Лукашэнкам і кімсьці яшчэ, у нас выбіраюць паміж Лукашэнкам і не Лукашэнкам. Усе сямнаццаць гадоў вертыкаль адмыслова выбудоўвалася гэтак, каб у сітуацыі адсутнасці падтрымання ў грамадстве сістэма не пахіснулася не толькі дзякуючы сілавым рэсурсам, але і таму, што няма альтэрнатывы”, – тлумачыць палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў