Улады кінулі танкі на сірыйскіх паўстанцаў


У нядзелю раніцаю ўрадавыя войскі распачалі апошні штурм сірыйскага гораду Хама, паведамілі інфармацыйнаму агенцтву «Reuters» мясцовыя жыхары. Урад Башара аль-Асада выгнаў большасць незалежных журналістаў з краіны, таму сітуацыя застаецца няпэўнаю.

Паводле звестак праваабаронцаў, у нядзелю ў выніку чарговай атакі ўрадавых войскаў загінулі прынамсі 45 чалавек.

«Танкі ўваходзяць у горад з чатырох бакоў. Яны вядуць хаатычны агонь», – паведаміў суразмоўца «Reuters». Паводле яго, барыкады, збудаваныя жыхарамі Хамы на галоўных дарогах, не змаглі спыніць бронетэхніку.

Хама застаецца ў аблозе ўжо некалькі тыдняў, аднак да сённяшняга дня ўрадавыя сілы абмяжоўваліся правядзеннем арыштаў у прыгарадах.

Гэты чацвёрты паводле колькасці насельніцтва горад краіны мае асаблівае значэнне для антыўрадавага руху Сірыі. Хама – адзін з цэнтраў пратэставых выступаў, удзельнікі якіх патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Башара аль-Асада. 8 ліпеня горад наведалі амбасадары ЗША і Францыі ў Сірыі. Пасля гэтага візіту афіцыйны Дамаск абвінаваціў гэтыя краіны ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы дзяржавы, а іхнія амбасады былі атакаваныя прыхільнікамі аль-Асада.

У 1982 г. у Хаме распачалося паўстанне супраць рэжыму бацькі дзейнага кіраўніка дзяржавы, Хафэза аль-Асада. Паводле розных звестак, у ходзе падаўлення паўстання загінулі ад 20 да 30 тыс. чалавек.

Сёлетнія акцыі пратэсту распачаліся напрыканцы сакавіка, натхнёныя хваляю рэвалюцыяў у Тунісе, Егіпце і Лівіі. Паведамляецца, што ўлады Сірыі прымаюць жорсткія захады для падаўлення пратэставых настрояў. Паводле сірыйскіх праваабаронцаў, на сённяшні дзень у выніку разгону дэманстрацыяў загінулі каля 1,7 тыс. чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў