Экспертка: Улады не дапусцяць сур'ёзнай прыватызацыі


Замест прыватызацыі адбываюцца «слоўныя ўліванні», мэта якіх – стабілізаваць сітуацыю на фінансавым рынку, лічыць экспертка газеты «Белорусы и рынок» Ірына Крыловіч.

«Мне падаецца, што тое, што цяпер адбываецца з прыватызацыяй, – гэта такія слоўныя інтэрвенцыі, слоўныя ўліванні, – гаворыць Ірына Крыловіч. – Замест грошай уліваюцца словы на рынак, што вось у нас з’явіцца заўтра мільярд ад Кірымава, або паслязаўтра яшчэ 10 мільярдаў невядома ад каго, або мы вядзем перамовы аб продажы ўласнасці. Гэта чыста інтэрвенцыі дзеля таго, каб не дапусціць далейшай дэстабілізацыі на фінансавым рынку».

Экспертка ўпэўненая, што сур’ёзнай прыватызацыі не будзе, і перамовы аб продажы сямі найбуйнейшых прадпрыемстваў не вядуцца. І прычына гэтага – палітычная: гэта асноўныя экспарцёры, якія ствараюць валютную выручку. Калі іх прададуць у прыватныя рукі, паўстае пытанне: як жа ўлада будзе рэгуляваць эканамічныя працэсы? «Ва ўласнікаў буйной маёмасці, якая ўплывае на эканамічную сітуацыю, будуць свае рычагі, уласны ўплыў на палітыку ў краіне. Гэтага, несумненна, цяперашняя ўлада дапусціць не можа», – тлумачыць Ірына Крыловіч.

Пры гэтым яна нагадвае, што Аляксандр Лукашэнка перад кожнымі выбарамі «нешта прадае», але ідзецца пра невялікія прадпрыемствы. Таму, паводле эксперткі, сёння ўлады зацікаўленыя выключна ў продажы МТС і «Белтрансгазу».

belsat.eu

Стужка навінаў