Валянцін Стэфановіч: Штрафны ізалятар – фактычна катаванне


https://youtu.be/YyFO492oO_A
Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч распавёў карэспандэнту “Белсату” падрабязнасці справы палітвязня Мікіты Ліхвавіда.

Мікітау Ліхавіда нядаўна перавялі ў Наваполацкую калонію. Першы раз яго змясцілі ў штрафны ізалятар 27 траўня, а цяпер ён адбывае там пакаранне ўжо чацвёрты раз. Фармальна гэта пакаранне за парушэнні, якое сапраўды могуць прызначаць зняволеным, але, на думку Стэфановіча, гэта “не што іншае, як спроба ўладаў аказваць дадатковы ціск на яго як на палітвязня”. Праваабаронца падкрэсліў, што “самі ўмовы ўтрымання ў штрафным ізалятары мы (праваабарончы цэнтр “Вясна”. – Рэд.) лічым бесчалавечнымі ды, фактычна, лічым іх катаваннем”.

Стэфановіч таксама распавёў, што праваабарончы цэнтр “Вясна” падрыхтаваў заяву ў гэтай справе сумесна з Міжнароднаю асацыяцыяй правоў чалавека, якая будзе дасылаць дакумент на адрасы ў Беларусі, у тым ліку ў Адміністрацыю прэзідэнта і Дэпартамент выканання пакаранняў МУС. Стэфановіч даслаў заяву асабіста начальніку калоніі, дзе ўтрымліваецца Ліхавід, каб той ведаў, што за ягонаю справаю назірае міжнародная праваабарончая супольнасць.

29 сакавіка Партызанскі раённы суд прызнаў 20-гадовага актывіста руху “За свабоду” Мікіту Ліхавіда вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня і асудзіў яго на тры з паловаю гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Менскі гарадскі суд пакінуў прысуд без зменаў. Ліхавід вінаватым сябе не прызнаў і заявіў, што будзе змагацца за адмену прысуду.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары