Лагатып важнейшы за людзей


Сёння ў Менск з Турцыі вярнуліся пацярпелыя ў аварыі турысты. Іх сустракалі сваякі і медыкі. Прадстаўнік тураператара заявіў, што стан здароўя ўсіх здавальняючы. Тым не менш некаторым турыстам турэцкія медыкі рэкамендавалі скарыстацца прыстасаваннямі для фіксавання.

У цэлым пра першую медычную дапамогу ў турыстаў засталіся не самыя прыемныя ўспаміны. Як расказала журналістам Іна Патрушава, іх «павезлі ў жудасны гарадскі шпіталь, дзе ніхто не ведаў расейскай мовы». «Дапамогі не было ніякай, нават элементарна ціск немагчыма было памераць. У мяне быў аскепак, ніхто яго не дастаў. Яны не разумелі, чаго мы хочам. У цэлым гэта было жудасна», – распавяла яна.

Незадаволенаю з турэцкай медыцыны засталася і Вераніка Пішчурына: «Пасля прыезду ў лякарню медычнай дапамогі не было аказана ніякай. Чакалі дапамогі ў парадку жывой чаргі разам з туркамі. Перакладчыка няма, ніхто нічога не разумее».

Усім запомніліся першыя дзеянні прадстаўнікоў тураператара на месцы аварыі. «Калі прыехалі на месца здарэння – у нас дзеці плачуць, мы ўсе ў крыві былі, – яны здымалі налепкі са сваім лагатыпам», – расказала Іна Патрушава.

Некаторых турыстаў акрамя родных сустракалі яшчэ і медыкі. Адну з жанчын адвезлі на вазку да машыны хуткай дапамогі. Яе муж паведаміў, што ў жонкі «моцнае расцяжэнне і ўдары звязак. Яна не можа станавіцца на ногі. Не можа хадзіць і таму перасоўваецца ў інвалідным вазку».

Віталь Ярашэвіч распавёў, што даведаўся пра аварыю ад сына, які таксама адпачываў у Турцыі ды быў у гэтым мікрааўтобусе. Адразу ж патэлефанаваў у МЗС, даведаўся тэлефон консула ў Анкары і паведаміў яму пра здарэнне. Мужчына выказаў падзяку прадстаўнікам страхавой кампаніі, якія арганізавалі прысутнасць машыны хуткай дапамогі ў аэрапорце, а таксама мабільнага аператара, які павялічыў ліміт адмоўнага балансу на тэлефоне жонкі, што дазволіла падтрымліваць сувязь.

Беларускія турысты пацярпелі ў аўтамабільнай аварыі 14 чэрвеня па дарозе ў аэрапорт Бодруму. Паводле відавочцаў, прыкладна за 10 км ад гораду мікрааўтобус пачало круціць, пасля чаго ён двойчы перакуліўся. Паводле адной з версіяў, кіроўца заснуў за рулём.

belsat.eu
https://youtu.be/uAFs2faJawU

Глядзі таксама
Каментары