Сяргей Жбанаў: Дзяржава не захацела саступіць сваёй долі


https://youtu.be/zAkCYlqzQrw
Рэзкага павышэння коштаў на бензін можна было пазбегнуць, упэўнены эканаміст Сяргей Жбанаў. Аднак урад вырашыў кампенсаваць свае памылкі ў эканоміцы коштам беларускіх аўтамабілістаў.

Падаражанне паліва сярод іншага было выкліканае неабходнасцю прадухіліць стратнасць нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Курс беларускага рубля знізіўся, а кошты на бензін некаторы час заставаліся на ранейшым узроўні. “Калі меркаваць з інфармацыі, што паступае з нафтаперапрацоўчых заводаў, той кошт, які сёння ўсталяваны, забяспечвае ў найлепшым выпадку толькі ліквідацыю стратаў, – гаворыць эканаміст. – У любым выпадку, урад выбраў такі варыянт: сваёй долі (акцызаў, што займаюць 55 % у штучным кошце на паліва) саступаць не хоча, а зрабіў проста: узяў і падняў кошты”.

Да акцыяў кшталту “Стоп бензін” Сяргей Жбанаў ставіцца скептычна. “Гэта ўсё роўна што змагацца з болькамі на лобе замест таго, каб упарадкаваць абмен рэчываў ва ўсім арганізме”, – дадаў эксперт.

Сяргей Жбанаў пэўны, што для аздараўлення беларускай эканомікі патрэбныя рашучыя захады ў рэфармаванні ўсёй эканамічнай сістэмы. “Кошты будуць расці даслоўна на ўсе тавары, разам з рухам курсу беларускага рубля адносна замежнае валюты, – мяркуе Сяргей Жбанаў. – Калі працягнецца падзенне курсу рубля, то і надалей будзе расці кошт бензіну, кошты на ўсе тавары. Дзеля гэтага не трэба праводзіць адмысловых даследаванняў – варта зазірнуць у любую краму”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары