Станіслаў Шушкевіч: АЭС патрэбная, але не ў Астраўцы


“У недэмакратычнай краіне нельга пабудаваць нармальнай станцыі, бо жаданне панаваць, а не здатнасць кіраваць, возьме верх”, – лічыць палітык і доктар фізічна-матэматычных навук Станіслаў Шушкевіч.

Паводле эксперта, дабрабыт і развіццё Беларусі як прамысловай і эканамічна паспяховай дзяржавы немагчымыя без ядравай энергетыкі. Каб мець сучасную прамысловасць і тэхнічны ўзровень, які б адпавядаў сусветным патрабаванням, трэба прадукаваць больш энергіі на чалавека, мяркуе навуковец. “Калі гэтага не будзе, мы мусім купляць электраэнергію. Дарагую. І я думаю, што дабрабыт у гэтым сэнсе будзе горшы”, – адзначае Шушкевіч.

Прыхільнік ядравай энергетыкі, як ён сам сабе называе, адзначае, што з месцам пабудовы гэтай станцыі ён не згодны. “Я прыхільнік ядравай энергетыкі, але калі выбіраецца ўжо сама станцыя… Я не прыхільнік будаўніцтва ў гэтым месцы гэтай станцыі. Можа, гэта і добры варыянт, але мяне пакуль у гэтым не пераканалі”.

Шушкевіч падкрэсліў, што тых прафесіяналаў, якія могуць вырашаць пытанні, звязаныя з месцам пабудовы АЭС у Беларусі, да аналізу не дапусцілі. “Міхалевіч, які гэта ачольвае, – ён сам цеплафізік, ён не ядравік”, – падкрэсліў Станіслаў Шушкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў