Юрыст Павел Сапелка: Дзяржава настойліва стварае невыносныя ўмовы для палітвязняў


Пракурор у справе Алеся Бяляцкага і іншых вясноўцаў падаў апеляцыю на рашэнне суда, палічыўшы яго занадта мяккім. Раней некаторых палітвязняў ужо за кратамі судзілі паўторна, у выніку павялічыўшы ім тэрміны зняволення. Чаго дабіваецца дзяржава, і ці ёсць нейкія законныя абмежаванні такім дзеянням? «Белсат» разбіраўся ў гэтым пытанні з юрыстамі.

Беларуская дыяспара Беластоку зладзіла акцыю салідарнасці з усімі беларускімі палітзняволенымі. Беласток, Польшча. 4 снежная 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: чытачы / Белсат

Аб падачы апеляцыйнага пратэсту на рашэнне суда Ленінскага раёну Менску ў дачыненні трох палітзняволеных праваабаронцаў «Вясны» напісаў у сваім лісце на волю Валянцін Стэфановіч. Мы ўжо расказвалі, што 3 сакавіка суддзя Марына Запаснік пакарала заснавальніка праваабарончага цэнтру «Вясна» і лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага 10 гадамі калоніі, намесніка старшыні «Вясны» і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча 9 гадамі калоніі, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрыста Уладзіміра Лабковіча 7 гадамі калоніі, а праваабаронцу «Вясны» Дзмітрыя Салаўёва 8 гадамі калоніі завочна. Стэфановіч у лісце адзначае, што некаму такія прысуды, відаць, падаліся занадта мяккімі, адсюль і пракурорская апеляцыя. Пакуль невядома, чым апеляцыя скончыцца.

Нагадаем, што 27 лютага ў Жодзінскай турме адбыўся яшчэ адзін суд над палітвязнем Сяргеем Ціханоўскім. Раней яго асудзілі на 18 гадоў зняволення, а ўжо ў турме абвінавацілі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Суддзя і пракурор абвесцілі, што «Ціханоўскі са жніўня да лістапада 2022 года неаднаразова дапускаў непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі ўстановы, у тым ліку парушаў парадак адбывання пакарання, не рэагаваў на законныя патрабаванні супрацоўнікаў, грубіў ім, правакаваў сукамернікаў». Нягледзячы на тое, што палітвязень сваёй віны не прызнаў, суддзя прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год і 6 месяцаў. Паводле сукупнасці прысудаў Сяргей Ціханоўскі цяпер павінен адбыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў 9 месяцаў 5 дзён з адбываннем 2 гадоў 5 месяцаў 18 дзён у турме, а астатняга тэрміну – у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Пракуроры і суддзі імкнуцца «накруціць» тэрміны пакарання не толькі знакамітым палітвязням, але і, здавалася б, самым звычайным людзям, нават пенсіянерам. 14 лютага суд Дзяржынскага раёну разгледзеў яшчэ адну справу ў дачыненні 70-гадовага пенсіянера Васіля Дземідовіча. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 КК («Знявага прадстаўніка ўлады») і прысудзілі яму адзін год зняволення са штрафам памерам 30 базавых велічыняў. Раней палітвязню вынеслі вырак – 6 гадоў пазбаўлення волі. Таму шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова яго асудзілі да 6,5 года калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу памерам 2710 рублёў. Першы прысуд быў вынесены паводле «тэрарыстычнага» артыкулу. Васіль застаецца самым сталым зняволеным з такім прысудам. Пры гэтым пажылога чалавека падтрымліваць няма каму, а грашовыя пераводы яму рабіць нельга.

Інтэрв’ю
«У нашай базе больш за 200 суддзяў». Літва расследуе злачынствы супраць чалавечнасці ў судах Беларусі
2023.03.27 09:03

Як адзначылі ў каментары «Белсату» юрысты сэрвісу бясплатнай і ананімнай юрыдычнай дапамогі «LegalHub», апеляцыйны пратэст пракурора і новыя крымінальныя справы – рэчы розныя. У першым выпадку, як тое адбываецца ў справе вясноўцаў, апратэстоўваць прысуд – права дзяржаўнага абвінаваўцы. Паводле існай практыкі, амаль заўсёды, калі суд прызначае пакаранне меншае, чым прасіў дзяржаўны абвінаваўца, апошні падае апеляцыйны пратэст, у якім паказвае на залішнюю мяккасць прысуду. Аднак па такіх апеляцыях рэдка калі прысуд змяняецца.

«Пры разглядзе справы ў апеляцыйнай інстанцыі прыгаворы судоў часцей за ўсё пакідаюць у сіле, таму што прыгаворы ў рэзанансавых справах суд першай інстанцыі практычна заўсёды ў тым ці іншым выглядзе ўзгадняе з судамі больш высокай інстанцыі», – патлумачылі юрысты.

Аднак калі гаворка ідзе пра адкрыццё абсалютна новай крымінальнай справы, то якіх-небудзь асаблівых абмежаванняў у колькасці такіх справаў няма. Здараецца, што на палітвязняў заводзяць новыя справы паводле новага складу злачынства, быццам бы здзейсненага да ўступлення ў сілу наяўнага прысуду. Гэта азначае новае следства, новы судовы працэс і магчымасць вынясення ў ім новага прысуду. Гэты прысуд павінен будзе адпавядаць змешчаным у арт. 72 КК правілам прызначэння пакарання паводле сукупнасці злачынстваў.

«Правілы маюць шмат асаблівасцяў, ды калі коратка, то тэрмін прысуду можа і не змяніцца, але звычайна ён вырастае і можа быць абраны больш строгі рэжым утрымання зняволенага на ўвесь тэрмін ці на яго частку», – патлумачылі юрысты.

Таксама перыядычна можна сустрэць новыя асуджэнні за злачынствы, здзейсненыя ўжо пасля абвяшчэння прысуду (напрыклад, падчас адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі пры розных канфліктах з адміністрацыяй калоніі ці з іншымі асуджанымі). У гэтым выпадку дзеюць правілы прызначэння пакарання паводле сукупнасці прыгавораў, прадугледжаныя арт. 73 КК, асноўнае з якіх – суд да пакарання, прызначанага паводле новага прысуду, цалкам або часткова далучае не адбытую частку пакарання паводле папярэдняга прысуду. «То бок у такой сітуацыі агульны тэрмін пакарання абавязкова будзе павялічаны».

Апроч паўторных  ці дадатковых прысудаў адміністрацыі калоніяў стараюцца як мага болей дапячы палітвязням, кідаючы іх у ШІЗА з надуманых прычынаў. Не вылазіць са штрафнога ізалятару Мікола Статкевіч, пра што не раз пісала ягоная жонка, увесь час знаходзяць за што адправіць у карцар ужо згаданага Сяргея Ціханоўскага, давялі ўтрыманнем у ізалятары да шпіталю, аперацыі і рэанімацыі Марыю Калеснікаву, пагоршыўся стан здароўя Дзяніса Івашына. З ціскам і проста невыносным стаўленнем у турмах, калоніях і СІЗА сутыкаюцца ці не ўсе падсудныя і асуджаныя з палітычных прычынаў.

На сёння ў праваабарончага цэнтру «Вясна» ёсць звесткі пра 21 палітвязня, якіх дадаткова пакаралі паводле арт. 411 КК за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Пра гэта ў інтэрвʼю «Белсату» расказаў юрыст «Вясны» Павел Сапелка. Ён кажа, што таксама былі выпадкі вынясення прысудаў у іншых «экстрэмісцкіх» складах злачынстваў, якія працягнулі тэрмін утрымання палітвязняў і іншых асуджаных за пратэсную актыўнасць.

«Ёсць таксама вялікая колькасць выпадкаў узмацнення жорсткасці рэжыму пазбаўлення волі – пераводу з папраўчых установаў адкрытага тыпу ў калоніі і з калоніяў у турмы; бясконцая колькасць пераводаў у памяшканні камернага тыпу і штрафныя ізалятары ў калоніях, карцары ў СІЗА… Статыстыкі пра іх у нас няма», – дадаў Сапелка.

Юрыст-праваабаронец мяркуе, што такімі дзеяннямі рэжым мэтанакіравана дабіваецца аднаго – стварыць невыносныя ўмовы для палітвязняў. Калі казаць пра асуджэнне паводле арт. 411 КК, то апроч самога факту падаўжэння тэрмінаў пакарання «істотна пагаршаецца становішча палітвязня: ён ці яна трапляе ў калонію для асобаў, якія раней адбывалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, дзе іншы сацыяльны склад зняволеных, часта іншыя парадкі і іншы характар узаемаадносінаў паміж зняволенымі». Акрамя таго, на асуджаных паводле арт. 411 КК не распаўсюджваецца амністыя. Пераслед не скончыцца і пасля вызвалення – хутчэй за ўсё ім будзе вызначаны прэвентыўны надгляд.

Адказваючы на пытанне, ці могуць палітвязням падаўжаць тэрмін бясконца, Павел Сапелка патлумачыў, што няма абмежаванняў для паўторных прысудаў і пагаршэння ўмоваў утрымання. Паводле арт. 411 КК асуджанага могуць прыцягваць да адказнасці «столькі разоў, колькі будзе неабходна ўладам». Пры гэтым падставаю для асуджэння могуць лічыцца «любыя дробныя дысцыплінарныя правіны, прыдуманыя ці рэальныя». Павел прывёў прыклад палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк.

«Паліну адвольна прыцягвалі не раз да адказнасці за тое, што яна «парушала распарадак дня» ў ШІЗА: спрабуючы сагрэцца, рабіла фізічныя практыкаванні ў нявызначаны час, пасля зарадкі. Справа толькі за афармленнем, а ў гэтым Дэпартамент выканання пакаранняў, Следчы камітэт і суды ўжо майстры», – расказаў Сапелка.

У сітуацыі, калі ў дзяржаве «не да законаў», палітвязні застаюцца ў закладніках рэжыму і наўрад ці могуць разлічваць на нейкае памякчэнне стаўлення для сябе. Хоць палітвязні маюць законнае права абскарджваць і суды, і дзеянні адміністрацыі калоніяў і турмаў, аднак такія скаргі застаюцца без патрэбнай рэакцыі і прыводзяць толькі да ўзмацнення здзекаў. У гэтай сувязі заўважным супрацьдзеяннем гэтаму палітычна матываванаму пераследу застаецца рэакцыя замежнай супольнасці.

Станам на 29 сакавіка, паводле звестках праваабаронцаў, у месцах зняволення паводле палітычна матываваных прысудаў адбывалі пакаранне 1466 чалавек. Аднак лічба пацярпелых ад незаконных і несправядлівых дзеянняў рэжыму значна большая. 17 сакавіка 2023 года быў апублікаваны даклад Управы вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека. У дакуменце гаворыцца аб грубых парушэннях правоў чалавека па ўсёй краіне. У аснове дакладу ляжаць інтэрвʼю з 207 ахвярамі і сведкамі, а таксама аналіз больш як 2,5 тысячы доказаў, у тым ліку фатаграфіяў, відэа, медычных і судовых дакументаў. Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Фолькер Турк заклікаў урад Беларусі спыніць сістэматычныя рэпрэсіі ў дачыненні тых, каго лічаць апазіцыйна настроенымі, і неадкладна вызваліць усіх затрыманых з палітычных матываў.

Аднак рэжым, падобна, слаба прыслухоўваецца да меркавання міжнароднай супольнасці і не толькі не паніжае ўзроўню рэпрэсіяў, але і робіць больш жорсткай адказнасць паводле шэрагу артыкулаў КК, паводле якіх могуць быць вынесеныя палітычна матываваныя прысуды. Гэтак, 25 сакавіка 2023 года набылі моц папраўкі ў Крымінальны кодэкс Беларусі, якія прадугледжваюць пашырэнне прымянення смяротнага пакарання ў дачыненні дзяржаўных службовых асобаў і вайскоўцаў, асуджаных за дзяржаўную здраду.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў