Пенсіянеру-«тэрарысту» дадалі яшчэ 6 месяцаў зняволення. Хроніка рэпрэсіяў 14 лютага


Улады з 2020 году не спыняюць рэпрэсіі супраць беларускага народу. Штодня праваабаронцы фіксуюць дзясяткі фактаў парушэння правоў чалавека, катаванні, збіццё, арышты і судовыя прысуды, вынесеныя паводле палітычных матываў. «Белсат» працягвае весці хроніку палітычнага пераследу.

У судзе Дзяржынскага раёна агучылі чарговы прысуд палітвязню з Нясвіжа Васілю Дземідовічу. 70-гадовага пенсіянера-«тэрарыста» прызналі вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і прысудзілі яму адзін год зняволення са штрафам у памеры 30 базавых велічыняў. Раней палітвязню прысудзілі 6 гадоў пазбаўлення волі, шляхам частковага складання пакаранняў, канчаткова яго асудзілі да шасці з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 2 710 рублёў.

Пенсіянер з Нясвіжа Васіль Дземідовіч.
Фота: Вясна

Васіль Дземідовіч самы пажылы беларус-«тэрарыст». Праз гэта яму нельга рабіць грашовыя пераводы, а падтрымліваць Васіля няма каму. За кратамі пенсіянера ўтрымліваюць ужо прыкладна год.

Адміністратара суполкі «ЗА АДЗІНУЮ дзяржаўную МОВУ ў Беларусі!» Уладзіміра Буцькаўца асудзілі да 3 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання»). Прысуд агучыў суддзя Руслан Царук. 

У Гарадзенскім абласным судзе асудзілі да 6 гадоў калоніі палітзняволенаму лекару-узісту са Смаргоні Яўгену Бужынскаму. Лекара абвінавацілі па шасці артыкулах КК. Суддзя Ілля Собалеў разглядаў справу ў закрытым рэжыме. КДБ унёс Яўгена Бужынскага ў спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Лекара затрымалі 9 чэрвеня 2022 года.

Яўген Бужынскі.
Фота: Вясна / Telegram

Сілавікі схапілі музыку Аляксандра Хадасевіча. Падставай для затрымання сталі каментары ў тэлеграме (у якіх ён, здаецца, нікога не абразіў, але сілавікі палічылі іх «негатыўнымі») і за кавер на песню Scorpions «Вецер перамен» ад праекту Lirival, піша «Наша Ніва».

У судзе Кобрынскага раёну да 3-х гадоў хіміі асудзілі Уладзіміра Балцянкова. Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»).

2 месяцы арышту прысудзілі 20-гадоваму жыхару Берасця Артурe Джамбурыеву. Хлопца абвінавацілі ў апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці паводле арт. 341 КК. Справу разглядала суддзя Таццяна Лаўранюк.

Артур напісаў на шапіку «Табакеркі» фразу «ACAB» і двойчы «Жыве Беларусь». За гэта яму налічылі 18 рублёў «шкоды» (якую хлопец кампенсаваў да суда).

Дар’я Лосік. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Палітзняволеную Дар’ю Лосік, асуджаную да 2 гадоў калоніі, перавялі ў баранавіцкі СІЗА да разгляду апеляцыйнай скаргі.

Адрас для падтрымкі: СІЗА-6. 225413, г. Баранавічы, вул. Берасцейская, 258 В, Дарʼі Аляксандраўне Лосік

Hавiны
Вайна, палітвязні, сюрпрызы Лукашэнку. Пра што казаў Аб’яднаны пераходны кабінет на прэс-канферэнцыі
2023.02.14 19:35

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў