Урад Беларусі прыняў новую пастанову наконт дармаедаў


На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі пастанову ўраду, якая ўносіць змены ў пастановы 2018 года наконт парадку аднясення працаздольных грамадзянаў да не занятых у эканоміцы.

Адна са зменаў датычыць індывідуальных прадпрымальнікаў. Цяпер іх будуць лічыць занятымі ў эканоміцы толькі пры ўмове выплаты з даходаў, атрыманых ад ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, падаходнага падатку з фізічных асобаў і (або) адзінага падатку. У адваротным выпадку іпэшніка залучаць у базу дармаедаў.

Маці, якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў або ў якіх трое і больш няпоўнагадовых дзяцей, каб не лічыцца няробцамі, маюць фактычна жыць у Беларусі, то бок заставацца за межамі краіны не больш за 30 дзён на працягу аднаго кварталу. Выключэнне – выезд за мяжу на лекаванне або аздараўленне. Аналагічнае патрабаванне ўвялі і для тых, хто выхоўвае дзіця да 18 гадоў з інваліднасцю.

Здача ў арэнду нерухомасці і машына-месцаў будзе цяпер вызваляць ад дармаедства пры выплаце падаходнага падатку з фізічных асобаў толькі ў фіксаваным памеры з такога даходу.

Тыя, хто займаецца раслінаводствам або жывёлагадоўляй на сваім зямельным участку, па-ранейшаму не заносяцца ў базу няробцаў. Аднак цяпер з’явілася ўдакладненне: такія асобы не могуць адсутнічаць у Беларусі сумарна больш за 30 дзён на працягу аднаго кварталу.

Нагадаем: тых, каго прылічылі да няробцаў, мусяць паводле поўных тарыфаў аплочваць жыллёва-камунальныя паслугі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў