Вытворца сыркоў «Панда» з красавіка працуе без дырэктара. Той, відаць, стаў фігурантам «малочнай справы»


Як даведаўся «Белсат», кіраўнік Полацкага малочнага камбінату Мікалай Мацкевіч быў звольнены яшчэ ў красавіку, на гэтай пасадзе ён прапрацаваў толькі два месяцы. Відаць, тады ён і быў затрыманы, бо гэты завод дзяржаўныя прапагандысты згадалі ў публікацыях пра «малочную справу». Акрамя таго, знік дырэктар Рагачоўскага малочнакансервавага камбінату.

Сыркі Полацкага малочнага камбінату «Мі-Шу!», якія беларусы называюць «пандачкамі».
Фота: belretail.by

Пра затрыманне «кіраўнікоў галоўных дзяржаўных малаказаводаў па ўсёй Беларусі» ў пачатку лістапада напісала «Наша ніва». Праз два тыдні пра гучную справу абвясцілі дзяржаўныя медыі, некаторыя падрабязнасці паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Галоўным фігурантам пакуль прызначаны дырэктар «Бабушкиной крынки» Генадзь Скітаў, які нібыта «замкнуў на сябе фінансавыя плыні», і ягоны знаёмы, кіраўнік афіляваных кампаніяў Уладзімір Сіруць.

У эфіры ОНТ згадалі іншых «удзельнікаў схемы»: Полацкі і Лепельскі малочныя камбінаты, Слуцкі сыраробны, Рагачоўскі малочнакансервавы. «15 асобаў, разам з галоўнымі фігурантамі, у СІЗА КДБ. Пад крыміналкаю – 26 таварышаў», – паведаміў дзяржаўны канал.

Аналітыка
Ад малака да мяса. Што вядома пра гучныя карупцыйныя справы?
2023.11.30 17:01

На сайце Полацкага малочнага камбінату на старонцы «Кіраўніцтва» прозвішча генеральнага дырэктара няма. На заводзе карэспандэнту «Белсату» паведамілі, што Мікалай Мацкевіч не працуе там з красавіка.

«Мікалай Валянцінавіч у нас ужо з красавіка не працуе», – сказалі ў прыёмнай, але адмовіліся адказваць, што здарылася з начальнікам: «Якія могуць быць пытанні да мяне на гэты конт?»

Колішні генеральны дырэктар Полацкага малочнага камбінату Мікалай Мацкевіч (другі злева) падчас працоўнага візіту ў Астрахань, Расея. 17 лютага 2023 года.
Фота: astralist.info

Полацкі камбінат, вытворца сыркоў «Панда», прапрацаваў на чале з Мацкевічам толькі два месяцы. Той быў прызначаны 16 лютага. Да гэтага займаў на прадпрыемстве пасаду намесніка дырэктара ў пытаннях бяспекі і рэжыму.

Яшчэ раней узначальваў Аршанскі мясакамбінат, працаваў на «кіраўнічых пасадах на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу Аршанскага раёну».

Генеральны дырэктар Рагачоўскага малочнакансервавага камбінату Віталь Строгі.
Фота: slova.by

Таксама без генеральнага дырэктара застаўся вытворца рагачоўскай згушчанкі – Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат. На сайце заводу прозвішча кіраўніка няма. Віталь Строгі быў прызначаны дырэктарам у красавіку летась.

Карэспандэнту «Белсату», які хацеў запісацца на асабісты прыём да кіраўніка, у папярэднім запісы адмовілі з тлумачэннем: «Усё бывае, камандзіроўкі і ўсё такое».

У прыёмнай паведамілі, што кіраўнік шпіталізаваны:

«Ён у лякарні, таму не вядома, ці будзе асабісты прыём. Таму вас і не запісалі».

Як паведамлялі медыі, Строгі ўзначаліў рагачоўскі камбінат у цяжкія для прадпрыемства часы: кампанія на той момант нават не выплаціла акцыянерам дывідэндаў за 2021 год.

У кансалідаванай справаздачы ААТ «Рагачоўскі МКК» на 31 снежня 2022 года пазначана, што летась прыбытак прадпрыемства склаў 18,1 млн рублёў (пазалетась было 8,1 млн рублёў), пры гэтым доўгатэрміновыя абавязанні выраслі з 41,5 млн рублёў у 2021 годзе да 175,4 млн рублёў летась: камбінат набраў крэдытаў.

Да прызначэння на рагачоўскі камбінат Віталь Строгі ўзначальваў Шчучынскі масласырзавод. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у 2014 годзе ён быў фігурантам крымінальнай справы аб злоўжываннях службовымі паўнамоцтвамі. Таксама паведамлялася, што яшчэ раней Строгі працаваў у ГУБАЗіКу.

Агляд
Пасля «наезду» на малочнікаў узяліся даіць маршрутнікаў. Што вядома аб гучных справах?
2023.11.16 08:10

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў