«Я ўсё жыццё пражыў у пекле». Уладзімір Някляеў прэзентаваў свой новы раман у Варшаве


Вечарам панядзелка, 29 лістапада, у Беларускім доме ў Варшаве адбылася прэзентацыя новага раману Уладзіміра Някляева «Гэй бэн гіном». Аўтар расказаў, чаму раман, напісаны да падзеяў 2020 года ў Беларусі, аказаўся такім актуальным. Вечар дапоўнілі чытанне вершаў і выступ музыкі Змітра Вайцюшкевіча.

Уладзімір Някляеў чытае верш пад акампанемент музыкі Зміцера Вайцюшкевіча падчас прэзентацыі рамана «Гэй бэн гіном» у залі Беларускага дому ў Варшаве.
Фота: ВО / Белсат

A 18-й гадзіне ў зале Беларускага дому ў Варшаве з’явіліся паэт і празаік Уладзімір Някляеў і прадстаўнік фундацыі kamunikat.org Яраслаў Іванюк. За іх спінамі – вялізны герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг. Перад імі – поўная зала людзей. Паслухаць аўтара і набыць новы раман прыйшлі каля 70 чалавек. Справа ад Някляева – плакаты беларускіх мастакоў, дзе яны пераасэнсоўваюць падзеі 2020 года ў Беларусі. На адным з іх – краты, з другога на прысутных глядзіць Купала.

«Я пачаў пісаць раман як гістарычны. Але калі канчаў яго пісаць, ён ператварыўся ў сучасны раман. Там пераследы, Курапаты, ганенні на беларушчыну. Крутанулася кола гісторыі. Ізноў што? Пераследы, турмы, ганенні на беларушчыну. Не я зрабіў гэты раман актуальным. Актуальным яго зрабіла рэчаіснасць», – кажа Някляеў, стоячы перад чытачамі.

Людзі слухаюць прамову Уладзіміра Някляева.
Фота: ВО / Белсат
Экзэмпляр раману Уладзіміра Някляева «Гэй бэн гіном».
Фота: ВО / Белсат

У рамане ёсць рэальная версія гібелі Янкі Купалы. Але аўтар не захацеў бурыць таямніцы гібелі паэта, таму ў творы пакінуў некалькі версіяў. «Невядомае – усё, што ёсць. А вядомае – толькі адно», – цытуе Някляеў аднаго з герояў раману.

Новы твор Някляева сабраў усе жанры літаратуры. Тут і проза, і паэзія і драматургія. «У беларускай паэзіі не было такога», – кажа Някляеў.

Павел Латушка слухае выступ Уладзіміра Някляева.
Фота: ВО / Белсат
Фота: ВО / Белсат

У першым шэрагу ў зале сядзіць Павел Латушка – кіраўнік НАУ. З другога боку залы – былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан здымае на тэлефон выступ Уладзіміра Някляева. Недзе ў глыбіні залы – палітык Вячаслаў Сіўчык са значком у выглядзе бел-чырвона-белага сцяга. Сядзяць людзі ў бел-чырвона-белых масках, хтосьці стаіць уздоўж сцен, на сценах – плакаты аб Беларусі.

«Гэй бэн гіном» у перакладзе з іўрыту азначае ‘гіена вогненная’, ці ‘пекла’. І, каб патлумачыць назву, Някляеў цытуе аднаго з герояў раману: «Я ўсё сваё жыццё на гэтым свеце пражыў у пекле. Што вы мяне палохаеце пеклам?»

Фота: ВО / Белсат
Дзясяткі людзей сабраліся ў залі Беларускага дому на прэзентацыі новага раману Уладзіміра Някляева «Гэй бэн гіном». Варшава, Польшча. 29 лістапада 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

Павольна Някляеў пераходзіць да паэзіі. Выразна і эмацыйна чытае свае вершы. А пасля гэтыя ж радкі зусім па-іншаму гучаць пад музыку Змітра Вайцюшкевіча, які разам з Уладзімірам Някляевым узяў удзел у прэзентацыі раману. Падчас выканання «Жыве Беларусь!», зала падпявае: «Беларусь жыве!»

Фота: ВО / Белсат

Зміцер Вайцюшкевіч напрыканцы свайго выступу выканаў тры калядныя песні: самотную, знакамітую і новую, напісаную на словы Уладзіміра Някляева. «Будзе цуд, людзі!» – прамовіў Уладзімір Някляеў на развітанне.

Уладзімір Някляеў цісне руку Вячаславу Сіўчыку пасля прэзентацыі.
Фота: ВО / Белсат

Як адзначыў Яраслаў Іванюк, чытачу з Беларусі пакуль будзе складана прачытаць новы твор Някляева. У Варшаве ўсе ахвотныя маглі набыць кнігу пасля прэзентацыі і папрасіць аўтара яе падпісаць. Пасля Варшавы Уладзімір Някляеў наведае Лодзь, Беласток і Бельск-Падляскі. Закончыцца тур 4 снежня ў Вільні.

Людзі стаяць у чарзе па асобнік новага рамана Уладзіміра Някляева «Гэй бэн гіном», прэзентацыя якога адбылася ў Беларускім доме ў Варшаве, Польшча. 29 лістапада 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

ВО, belsat.eu

Стужка навінаў