Што рабіць, калі не пускаюць у самалёт з падарожным дакументам ці «жэнеўскім пашпартам»


Падобна, як мінімум лоўкостэры маюць праблемы з інфармаванасцю супрацоўнікаў пра легальнасць падарожных дакументаў. Калі не пускаюць у самалёт, трэба хаця б патрабаваць даць пісьмовае пацверджанне пра адмову, але не гарантавана, што ўдасца дапрасіцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Wizair.com

Беларускі журналіст, рэжысёр і дакументаліст Мікалай Мамінаў гэтым летам расказваў «Белсату», што яго не пусцілі ў самалёт «Ryanair» з Літвы праз Брытанію ў Іспанію, бо не пасаваў ягоны падарожны дакумент уцекача – «жэнеўскі пашпарт». Знаёмая папярэджвала Мікалая, што мела праблемы з пасадкаю на рэйс «Ryanair» з перасадкай у Брытаніі праз акурат такое пытанне, але пасля настойлівых спрэчак трапіла на рэйс.

У кастрычніку з’явіліся яшчэ чатыры такія гісторыі, але ўжо з рэйсамі з Польшчы, калі адмовілі беларусам з польскім падарожным дакументам.

17 кастрычніка беларуска апавяла выданню «Zerkalo», што збіралася з сям’ёй ляцець у турэцкую Анталью рэйсам неназванай авіякампаніі – як расказалі «Белсату» журналісты «Zerkalo», гэта быў турэцкі лоўкостэр. 18 кастрычніка беларус расказаў выданню «Most», што мусіў ляцець з Варшавы ў чарнагорскую Падгорыцу рэйсам «Wizz Air». 25 кастрычніка чытачка Telegram-каналу беларускіх праграмістаў у Польшчы «Dzik Pic» напісала, што хацела паляцець з Польшчы ў Грузію самалётам «Wizz Air». Пра яшчэ адну такую адмову карыстальнік апавядаў у Facebook-суполцы беларусаў у Варшаве, ды на момант публікацыі выдаліў свой пост.

Што агульнага ў гэтых гісторыях

Ува ўсіх выпадках людзі сцвярджаюць, што мелі ўсе неабходныя дакументы для палёту: і квіткі, і падарожныя дакументы, якія мусіць прызнаваць краіна вылету, краіна прылёту і краіна паходжання авіякампаніі.

Ува ўсіх выпадках у пасадцы адмовілі не работнікі пашпартнага кантролю, а працаўнікі авіякампаніі, што правяраюць квіткі і дакументы перад пасадкай. У прынамсі трох выпадках работнікі авіякампаніі не былі ўпэўненыя ў тым, што рабіць, і камусьці тэлефанавалі.

У двух выпадках працаўнікі авіякампаніі не пагадзіліся даць пісьмовае пацверджанне адмовы, у яшчэ адным выпадку пасажыр на такім не настойваў.

Ува ўсіх выпадках гаворка пра лоўкостэры – бюджэтныя авіякампаніі, якія прапануюць танныя палёты з меншымі выгодамі для пасажыраў. Буйныя авіякампаніі выкарыстоўваюць сістэмы правярання патрабаванняў дзяржаваў да падарожных дакументаў кшталту «Timatic AutoCheck» Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA). Магчыма, лоўкостэры ашчаджаюць сярод іншага на такіх сістэмах. «WizzAir» мае доступ да сістэмы «TravelDoc», якая адназначна кажа пускаць у Грузію і Чарнагорыю пасажыраў з польскім падарожным дакументам. «Ryanair» жа, магчыма, зусім не карыстаецца такімі сістэмамі – мае хіба спіс урадавых сайтаў з патрабаваннямі да падарожных дакументаў, але частка спасылак у гэтым спісе неактуальная і вядзе на пустыя старонкі.

Чым асаблівая гісторыя пра Турэччыну

У гэтай гісторыі авіякампанія мела фармальныя падставы адмовіць: Міністэрства замежных справаў Турэччыны тлумачыць, што дазвол на перабыванне без візы дзейны толькі для «звычайных і дыпламатычных пашпартоў», але не згадвае пра іншыя падарожныя дакументы для ўсіх краінаў, акрамя Сербіі (асобна прапісана: з сербскім падарожным дакументам віза не патрэбная).

Як тлумачыў выданню «Zerkalo» адвакат Алесь Міхалевіч, польскі падарожны дакумент адкрывае дарогу перадусім у краіны Еўразвязу і Шэнгенскай зоны, бо права ўезду туды дае від на жыхарства ў Польшчы (карта побыту). Калі ў краіну няма бязвізавага ўезду паводле віду на жыхарства, Міхалевіч раіць атрымліваць візу.

Праўда, чытач выдання «Most» казаў, што з падарожным дакументам і без візы яго пускалі ў самалёт «Lot» у Чарнагорыю, якая не ўваходзіць у Шэнгенскую зону і ў Еўразвяз, але і не патрабуе атрымання візаў ад грамадзянаў Беларусі (пры «любым падарожным дакуменце і ваўчары або запрашэнні») і Польшчы («для ўсіх пашпартоў»). А канал праграмістаў у Грузіі пісаў пра беларуса, які двойчы прылятаў у Грузію (якая не ў Шэнгене і нават не кандыдатка на далучэнне да Еўразвязу) без візы і з польскім падарожным дакументам, ды Грузія не патрабуе візаў як ад грамадзянаў Беларусі, гэтак і ад уладальнікаў польскіх ВНЖ.

Аналітыка
Ці замяніла Расея беларускім турыстам напрамкі, страчаныя праз вайну і санкцыі?
2023.09.28 17:47

Што рабіць, калі не пускаюць у самалёт праз падарожны дакумент

Згодна з рэгуляцыяй Еўразвязу № 261/2004, авіякампанія можа адмовіць у пасадцы, калі ёсць «рэзонныя падставы»: рызыкі здароўю і бяспецы або неадпаведныя падарожныя дакументы. Аб праве перавозніка на нейкую альтэрнатыўную інтэрпрэтацыю заканадаўства аб праязных дакументах у рэгуляцыі не гаворыцца. Пасажыры маюць права на кампенсацыю, а перавознік абавязаны паказаць пасажыру, якому адмовілі ў пасадцы, дзе той можа пачытаць пра свае правы на кампенсацыю і дапамогу. У краінах па-за Еўразвязам могуць быць іншыя правілы адмовы, іх варта спраўдзіць перад вылетам.

Калі на рэйс не пускаюць без «рэзоннай падставы», а проста таму, што камусьці невядомаму не спадабаўся падарожны дакумент, варта настойваць на тым, што адмова незаконная. Можна спасылацца на тую ж сістэму «TravelDoc». Але выпадкі чытачоў «Белсату» і «Dzik Pic» паказалі, што работнікаў аэрапорту могуць не пераканаць нават раздрукаваныя афіцыйныя дакументы або загадзя зробленыя звароты ў кампанію адносна магчымасці палёту.

Калі ўгаворы не дапамагаюць, трэба патрабаваць пацверджанне адмовы ў пасадцы, іначай за палёт могуць не вярнуць грошы. Калі адмаўляюцца, прасіць дапамогі работнікаў аэрапорту ці праваахоўнікаў: калі дапамагчы не змогуць, папрасіць іхныя кантакты, каб у выпадку суда яны змаглі пацвердзіць неправамоцную адмову. Можна спрабаваць самастойна зафіксаваць на фота і відэа сваю прысутнасць у аэрапорце ў час перад пасадкаю, калі правілы адпаведнай краіны не забараняюць здымкі – у Польшчы з нядаўняга часу ў аэрапортах можа быць такая забарона. Калі ўсё гэта немагчыма, паспрабаваць сабраць іншыя доказы свайго з’яўлення на пасадку ў належны час.

Выпадак Мікалая Мамінава паказаў, па-першае, што «Ryanair» не мае ў сваіх унутраных сістэмах пункту «адмова ў пасадцы»: у табліцах пра палёт могуць зафіксаваць толькі «пасажыр сеў», «пасажыр не з’явіўся» або «самалёт не паляцеў». Па-другое, Мамінаў з чэрвеня спрабуе дамагчыся ад «Ryanair» належнай яму кампенсацыі, а кампанія зацягвае разбор, зноў і зноў патрабуючы выслаць усе матэрыялы.

На запыт пра выпадак Мамінава «Белсату» кампанія з чэрвеня не адказала. «Белсат» выслаў пытанні пра гэты выпадак ды іншыя адмовы ў прэс-службы «Ryanair» і «Wizz Air». У прэс-службе «Wizz Air» на ліст «Белсату» адказалі, што працуюць толькі з запытамі медыяў, а на іншыя пытанні не адказваюць, хоць у лісце было выразна пазначана, што гэта запыт журналістаў. Калі з’явяцца іншыя адказы, мы дапоўнім гэты тэкст.

Hавiны
Праект «пашпарта Новай Беларусі» крыху зменяць: няма правоў на карціны Шагала
2023.10.08 18:32

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў