Францыя збіраецца дэпартаваць 39 расейцаў – прыхільнікаў радыкальнага ісламу


Улады Францыі маюць намер выслаць з краіны 39 расейцаў, якія падазраюцца ў прыхільнасці да радыкальнага ісламу. Аб гэтым паведаміў французскі міністр унутраных справаў Жэральд Дарманэн.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: news.liga.net

«Мы склалі спіс з 39 грамадзянаў Расеі, за якімі асабліва пільна сочым праз падазрэнні ў радыкалізацыі. На мінулым тыдні мы перадалі яго расейскім уладам», – падкрэсліў міністр.

Жэральд Дарманэн адзначыў, што ўсе гэтыя асобы па-ранейшаму застаюцца грамадзянамі Расейскай Федэрацыі, а працэдуру дэпартацыі збіраюцца пачаць пасля атрымання згоды з Масквы. Французскія ўлады пры гэтым разлічваюць на станоўчы адказ.

У той жа час у расейскай амбасадзе ў Парыжы адзначылі, што МУС Францыі не звязваўся з імі ў пытанні дэпартацыі расейскіх грамадзянаў.

Нагадаем, што 13 кастрычніка ў горадзе Арас узброены нажом мужчына напаў на прысутных вучняў і настаўнікаў. Адзін з настаўнікаў атрымаў смяротнае раненне, дзве асобы былі цяжка параненыя.

Пасля гэтага выпадку ўлады Францыі прынялі рашэнне ўвесці максімальны ўзровень тэрарыстычнай пагрозы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў