«Яшчэ адзін спосаб кантролю». У «BELPOL» растлумачылі сэнс указу аб тэлефонных махлярах


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Anete Lusina / Pexels

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі ўказ Лукашэнкі аб барацьбе з тэлефоннымі махлярамі. У арганізацыі «BELPOL» распавялі «Белсату», што шукаць злачынцаў гэты дакумент не дапаможа, затое сачыць за прыбыткамі і выдаткамі беларусаў – лёгка.

Ва ўказе гаворыцца, што дакумент ухвалены «у мэтах перадухілення, выяўлення несанкцыянаваных аперацыяў на плацежным рынку Рэспублікі Беларусь і процідзеяння ім».

Галоўным у гэтай справе прызначаны Нацыянальны банк: рэгулятар мусіць наладзіць абмен паміж праваахоўнымі органамі і пастаўнікамі плацежных паслугаў інфармацыяй аб несанкцыянаваных аперацыях і спробах такіх падазроных пераводаў.

Дзеля гэтага створаць аўтаматызаваную сістэму, дзе будуць збіраць звесткі пра выпадкі крадзяжу грошай. Якая менавіта інфармацыя будзе збірацца, пазней вызначыць Нацбанк.

Указ прадугледжвае, што праваахоўнікі мусяць выкарыстоўваць дадзеныя з гэтай сістэме «толькі ў межах сваіх паўнамоцтваў». Перадаванне інфармацыі сілавікам «не з’яўляецца парушэннем банкаўскай таямніцы», а апрацоўванне асабістых звестак беларусаў, пацярпелых ад махляроў, ажыццяўляецца без іхнай згоды, гаворыцца ў дакуменце.

Акрамя таго, Генпракуратуры, КДБ, МУС і Следчаму камітэту нададзенае права спыняць на тэрмін да 10 содняў выдаткі з рахункаў, дэпазітаў і электронных гаманцоў тых асобаў, каго западозраць «ва ўдзеле ў здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў».

Hавiны
Даверлівая жанчына аддала махлярам больш за мільён рублёў
2023.05.25 10:37

Прадстаўнік арганізацыі «BELPOL» Мацвей Купрэйчык у размове з «Белсатам» адзначыў, што ў Беларусі вельмі складаная сітуацыя з тэлефонным махлярствам: «Сотні матэрыялаў праверак ляжаць на сталах у аператыўнікаў, якія нічога з гэтым не могуць зрабіць, бо яны не могуць вызначыць падазраваных».

Тэхналогіі дазваляюць махлярам надзейна хаваць свае сляды: можна падмяніць і нумар тэлефона, з якога звоняць, і голас, і IP-адрас – усё на свеце. Адзінае, што можна зрабіць, – папярэджваць беларусаў, каб яны не траплялі ў паску.

«Патрэбна спраўджваць, ці сапраўды вам тэлефануе супрацоўнік банку, трэба ведаць, што супрацоўнікі банку ніколі не будуць пытаць вашыя паролі і коды, трэба глядзець нумары тэлефонаў на сайтах банкаў, самому званіць у банк і пытацца, ці сапраўды да вас маюцца нейкія пытанні», – параіў Купрэйчык.

Сапраўднай мэтаю гэтага ўказу ён лічыць «прагу рэжыму да кантролю за грамадзянамі».

«Асноўнымі карыстальнікамі гэтай сістэмы будуць акурат кадэбэшнікі і міліцыянты. Яны будуць браць адтуль інфармацыю. Ім не давядзецца хадзіць у пракуратуру, там браць санкцыю на прагляд якіх-кольвек асабістых рахункаў, яны будуць проста заходзіць у гэтую базу і глядзець, што ім патрэбна. Гэта вельмі спрашчае кантроль. Рэжым проста плюе на правы грамадзянаў», – падсумаваў Мацвей Купрэйчык.

Каментар
У міліцыянтаў няма інструментаў, каб адшукаць тэлефонных махляроў і вярнуць людзям грошы
2023.07.17 18:53

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў