У міліцыянтаў няма інструментаў, каб адшукаць тэлефонных махляроў і вярнуць людзям грошы


У міліцэйскай зводцы – безліч паведамленняў пра крымінальныя справы, звязаныя з тэлефонным ашуканствам. Як правіла, сілавікі рапартуюць пра затрыманне кур’ераў, якія прыязджаюць да людзей па грошы. Але арганізатараў злачынстваў злавіць не ўдаецца. Былы сілавікі Уладзімір Жыгар, цяпер прадстаўнік BELPOL, у каментары «Белсату» кажа, што ў міліцыянтаў проста няма інструментаў, каб адшукаць зламыснікаў.

Інструктаж міліцыянтаў і байцоў унутраных войскаў
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Інструктаж міліцыянтаў і байцоў унутраных войскаў. Горадня, Беларусь. 18 траўня 2023 года.
Фота: Neman102 / Telegram

Прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар, які раней працаваў у міліцыі, не раз сутыкаўся з тэлефоннымі ашуканцамі. Былы сілавік распавядае, што схема дастаткова прымітыўная. Чалавеку звоняць з нумара, які падобны да нумара банку, або могуць тэлефанаваць з зусім адвольнага нумара. Махляры распавядаюць пра дзіўныя маніпуляцыі на рахунку чалавека. І хоць ахвяра пераканананая, што нічога не набывала, не рабіла ніякіх выплатаў, адгукаецца на прапанову спыніць нейкую банкаўскую аперацыю. Махляры, распавядае Уладзімір Жыгар, накіроўваюць чалавеку СМС і ў гэты ж момант атрымліваюць магчымасць уваходу ў інтэрнэт-банкінг. Далей кажуць пра новае СМС, чалавек пры гэтым называе паведамленне са свайго банку, а ў гэты момант спісваюцца грошы. Чалавек у выніку застаецца без грошай, і банк не нясе ніякай адказнасці за гэта.

У адным з сюжэтаў МУС выступіла чарговая пацярпелая жыхарка Менску ад тэлефонных махляроў, якая засталася без грошай. Жанчына кажа, што тэлефонныя ашуканцы ўвесь час на яе ціснулі маральна.

«Калі яны тэлефануюць, ты не хочаш падымаць слухаўку, але ты бярэш аўтаматычна. Цябе проста трасе, але ты робіш тое, што яны кажуць», – патлумачыла пацярпелая.

У выніку людзі застаюцца без сваіх сродкаў.

Hавiны
Даверлівая жанчына аддала махлярам больш за мільён рублёў
2023.05.25 10:37

Міліцыянты людзям не дапамогуць

«На самой справе супрацоўнікі так званых праваахоўных органаў вельмі слаба працуюць у гэтым накірунку. Няма дастаткова інструментаў, каб знайсці зламыснікаў», – кажа прадстаўнік BELPOL.

Да таго ж махлярства стала надзвычай распаўсюджаным. Паводле Уладзіміра Жыгара, падчас яго службы за дзяжурныя содні толькі ў аднаго з аператыўнікаў магло быць 3-4 выезды ў справе спісання ў людзей грошай. Па ўсёй краіне такіх выпадкаў тысячы. Таму ніхто не будзе гэтым займацца, бо абʼёмы вялізныя, тлумачыць прадстаўнік BELPOL.

Падобнае ў гэтым злачынстве толькі тое, што як правіла ў большасці выпадкаў злачынцы знаходзяцца за межамі Беларусі. Яны або ў Расеі, або ва Украіне, кажа Уладзімір Жыгар.

Вучэнні міліцыянтаў. Скрыншот відэа МУС. Крыніца: Прэсавая служба МУС / Telegram

Беларускія ж міліцыянты ў сваіх сюжэтах абвінавачваюць у тэлефонных махлярствах менавіта грамадзянаў Украіны, якія ідуць на злачынствы з «дапамогай заходніх куратараў». Міліцыянты таксама перакананыя, што скрадзеныя сродкі ідуць на дапамогу ЗСУ.

«Ніякія заходнія куратары за гэтым не стаяць. Я ж быў аператыўнікам і расследаваў гэтыя злачынствы. Як правіла, усе сляды вялі ў Расею. Але там дабіцца праўды немагчыма. Сустракалася нават такое, што злачынцамі былі асуджаныя ў Расеі вязні за кратамі, якія маюць тэлефоны і могуць рабіць такія рэчы», – кажа Уладзімір Жыгар.

Былы аператыўнік распавядае, што ўвогуле такое махлярства даволі распаўсюджанае ў Расеі. Абумоўленае гэта і тым, што там магчымае бескантрольнае стварэнне сім-карты. Акрамя гэтага зламыснікі набывалі ў Беларусі сім-карты без удакладнення пашпартных звестак або афармлялі сім-карты на бяздомнікаў.

Агляд
Ад званкоў да пасылак: топ-5 відаў махлярства, ці Як не трапіць на вуду ашуканцаў
2023.04.29 14:06

Скрадзеныя грошы зламыснікі часта пераводзілі на рахунак «Сбербанку», дзеліцца досведам былы сілавік. Але адтуль яны хутка сыходзілі далей. Потым ідуць нейкія прамежкавыя банкі, але адшукаць канцы вельмі складана.

Уладзімір Жыгар кажа, што варта памятаць некалькі галоўных правілаў, якія дапамогуць зберагчы ашчаджэнні. Самае простае – гэта тое, што банк не будзе тэлефанаваць і нешта запытваць, тым больш праз мэсэнджар. Ніколі працаўнікі банку не будуць вырашаць пытанні праз тэлефон, пагатоў праз «Вайбэр».

Разбор
Ахвярамі махляроў у Беларусі становяцца сотні пенсіянераў, якія застаюцца без сродкаў
2022.09.24 11:00

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў