Як выглядае кадравы голад: у Менскай вобласці шукаюць дырэктараў для 41 дзяржаўнай кампаніі


Няўжо беларусы не хочуць пакіраваць? У дзяржаўных прадпрыемствах процьма вакансіяў дырэктараў і кіраўнікоў, на некаторых нават прапануюць «айцішныя» заробкі.

Будынак МАЗ. Менск, Беларусь, 26 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Telegram-канал «Беларусь за МКАДом» звярнуў увагу на спіс вакансіяў сайту Менскага аблвыканкаму: там шукаюць дырэктараў і кіраўнікоў для 41 дзяржаўнага прадпрыемства вобласці – і гэта без уліку сталіцы.

Кіраўнікі патрэбныя самым розным прадпрыемствам: архіву, тыпаграфіі, дому састарэлых, упраўленню капітальнага будаўніцтва, ПМС, рыбкамбінату, цэнтру коннага спорту, патолагаанатамічнаму бюро, водаканалу, упраўленню камунальных паслугаў, абласному тэхнапарку…

І так не толькі ў Менскай вобласці. Напрыклад, у Магілёве шукаюць 15 кіраўнікоў і намеснікаў кіраўнікоў з заробкамі ад 500 рублёў за чвэрць стаўкі памочніка гендырэктара аграпрамыслловай кампаніі «Сервалюкс» да 2700 рублёў намеснікам гендырэктара «Магілёўхімвалакна» (ужо на поўную стаўку).

Агляд
Гуляць у камп’ютарную гульню, абдымаць, піць каву з малаком. Шукаем працу мары
2023.10.14 08:20

Агулам у дзяржаўным банку вакансіяў на момант публікацыі 669 вакансіяў са словам «дырэктар» (459 за апошні месяц, 149 за апошні тыдзень) і 1163 вакансіі са словам «кіраўнік» (але ў гэта ўваходзяць кіраўнікі аддзелаў, мастацкія кіраўнікі і г.д.).

Патэнцыйнаму дырэктару «Бел Хуавэй Тэхнолоджыс» прапануюць заробак да 8000 рублёў, патэнцыйнаму гендырэктару «БелАўтаМАЗ» – да 7353 рублёў. Медыянны заробак у вакансіях са словам «дырэктар» – 1500 рублёў.

Ды пакіраваць прапануюць і за мінімальны заробак: намесніку дырэктара па гаспадарчай працы Рэчыцкай раённай гімназіі або дырэктару Шчучынскага раённага фізкультурна-спартовага клубу прапануюць працаваць на поўную стаўку за 554 рублі.

Сярэдні налічаны заробак да вынятку падаткаў і збораў, паводле Белстату, у верасні 2023 года складаў 1939,8 рубля – гэта 595,67 долара паводле сярэднямесячнага курсу Нацбанку або праца дырэктарам спартовага клубу на Шчучыншчыне на 3,5 стаўкі.

Узровень занятасці насельніцтва ў ІІІ квартале 2023 года складаў 67,7 %, беспрацоўя – 3,4 % рабочай сілы.

Агляд
«Дзяржслужбоўцы, што бралі ўдзел у рэпрэсіях, не застануцца на пасадах». Як рыхтуюць замену чыноўнікам
2023.09.04 14:46

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў