Расейскі суд дазволіў выдаць Беларусі фігуранта справы аб «масавых беспарадках» жніўня 2020 года Андрэя Казімірава. На адным з мітынгаў яго паранілі ў нагу гумовай куляй.
Першы апеляцыйны суд праігнараваў пастанову Еўрапейскага суду правоў чалавека, паводле якой выдача беларускім уладам 21-гадовага берасцейскага антыфашыста. Андрэя Казімірава была забароненая, піша расейскае выданне «Открытые медиа».
Рашэнне набыла моц адразу як было прынятае 29 ліпеня. Паводле адваката Казімірава, апеляцыйны суд пакінуў у моцы пастанову Маскоўскага гарадскога суду, які ў сваю чаргу прызнаў законнай пастанову Генеральнай пракуратуры аб экстрадыцыі актывіста. Адвакат адзначыў, што рашэнне ЕСПЧ (якое вырашылі ігнараваць) абавязковае для выканання ў Расеі, бо краіна ратыфікавала Канвенцыю аб абароне правоў чалавека.
На радзіме Казімірава вінавацяць у «масавых беспарадках» у жніўні 2020 года, яго затрымлівалі 13 жніўня, пратрымалі два дні ў міліцыі, але вызвалілі пад распіску аб «адсутнасці прэтэнзіяў». На адным з мітынгаў ён быў паранены ў нагу гумовай куляй. Цяпер яму пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.
Казіміраў з’ехаў у Расею, калі даведаўся аб крымінальным пераследзе. Але ў Расеі яго затрымалі 29 красавіка 2021 года.
У ноч з 21 на 22 ліпеня з Расеі таемна перадалі беларускім сілавікам спартоўца Аляксея Кудзіна, экстрадыцыю якога забараніў той жа ЕСПЧ. У Беларусі Кудзіна падазраюць у «Супраціве супрацоўніку органаў унутраных справаў» (ч. 2 арт. 363 КК РБ) – за гэта могуць асудзіць на пазбаўленне волі тэрмінам да сямі гадоў.
Маскоўская Хельсінкская група звярталася ў Раду Еўропы ў сувязі з «таемнымі дэпартацыямі» з Расеі ў Беларусь тых, каго пераследуюць з палітычных прычынаў.
АА belsat.eu