Беларускага спевака Ap$ent заблакавалі ў Расеі на патрабаванне «Раскамнагляду»


Расейскі музычны сэрвіс «Яндекс Музыка» заблакаваў для карыстальнікаў з Расеі старонку беларускага спевака Арсенія Кісляка, які выступае пад псеўданімам Ap$ent. На старонцы, калі зайсці на яе з Расеі, паказваецца, што яна недасяжная на патрабаванне «Раскамнагляду». Таксама на патрабаванне ведамства старонку выдалілі з сэрвісу «Звук».

«Яндекс Музыка» паведаміла расейскаму выданню «Ведомости», што 27 сакавіка атрымала ад «Раскамнагляду» патрабаванне абмежаваць доступ да старонкі спевака Ap$ent без тлумачэння прычынаў.

Старонку спевака на «Яндекс Музыка» заблакавалі, але звярнуліся ў ведамства па тлумачэнні.

Старонка выканаўцы Ap$ent на сэрвісе «Яндекс Музыка» пры ўваходзе з расейскага адрасу. 29 сакавіка 2024 года.
Скрыншот: Music.yandex.ru

З Беларусі старонка застаецца дасяжная.

Старонка выканаўцы Ap$ent на сэрвісе «Яндекс Музыка» пры ўваходзе з беларускага адрасу. 29 сакавіка 2024 года.
Скрыншот: Music.yandex.ru

У расейскім сэрвісе «Звук» старонка выканаўца Ap$ent выдаленая з пазнакаю «на патрабаванне „Раскамнагляду“».

Старонка выканаўцы Ap$ent на сэрвісе «Звук». 29 сакавіка 2024 года.
Скрыншот: Zvuk.com

У расейскай сацсетцы VK старонкі спевака нібы не выдаленыя, а ягоную музыку можна паслухаць, ды пошук паводле трэкаў спрацоўвае дзіўна: Ap$ent не шукаецца, а ягоны галоўны гіт, «Можно я с тобой», прыпісаны выканаўцу DVN.

У расейскім сэрвісе «МТС Музыка» трэк «Можно я с тобой» нібыта ў выкананні DVN займае на момант публікацыі першае месца ў чарце. Старонка выканаўца Ap$ent ёсць на сэрвісе, але менавіта гэтай песні там няма.

Як адзначаюць «Ведомости», у Расеі Арсенія Кісляка і ягоны музычны праект не залучылі ў спісы замежных агентаў, экстрэмістаў ці тэрарыстаў. Няма яго і ягоных песняў і ў беларускіх спісах экстрэмістаў.

Спявак пракаментаваў блакаванне расейскаму выданню «Varlamov News»:

«З усяго выглядае, на думку РКН, я дэстабілізую грамадска-палітычнае становішча сваёй творчасцю і сілаю думкі».

Арсеній Кісляк нарадзіўся ва Украіне, калі яму быў год, разам з маці пераехаў з Харкава ў Магілёў. Пазіцыянуе сябе як беларускага музыку. Музыцы вучыўся сам, у 17 гадоў граў у панк-гурце «Crisis Creep», які аднойчы выступаў на канцэрце «Дай дарогу!».

Hавiны
Інтэрв’ю з аўтарам песні пра «дзядзьку Сашу і цётку Ліду», якога называюць новым «Ляпісам»
2020.07.14 14:52

Праект Ap$ent нарадзіўся яшчэ ўлетку 2018 года, тады ў сетцы з’явіліся першыя рэлізы музыкі. Першы гіт, песню «Мылю и молюсь» з крытыкаю ковід-дысідэнцтва кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, спявак запісаў для расейскага конкурсу «Карантиновидение». У 2020 годзе выдаў трэк «Песенка веселого белоруса», прысвечаны выбарам-2020.

Цяпер галоўны гіт Ap$ent’а – «Можно я с тобой». Як тлумачыў спявак, песня была пра ад’езд ягонай сям’і з Беларусі ў Грузію пасля рэпрэсіяў супраць ягонай жонкі – яе асудзілі на год абмежавання волі за «абразу Лукашэнкі» праз каментар пра арышт Рамана Пратасевіча ў тэлеграм-канале «Nexta». Музыка казаў, што «проста зарыфмаваў падзеі са свайго жыцця».

У расейскамоўным сегменце інтэрнэту песню зразумелі інакш: яе часта выкарыстоўваюць у сацсетках як фон для відэа пра ратаванне бадзяжных жывёлінаў. Сам музыка быў не супраць такой інтэрпрэтацыі.

Hавiны
Беларусы пачалі пераходзіць з пошуку «Google» на «Яндэкс» – статыстыка «DataReportal»
2024.02.23 17:04

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў