У Беларусі могуць увесці адтэрміноўку па крэдыце для тых, хто мае жыццёвыя цяжкасці


У Беларусі прапануюць увесці адтэрміноўку па крэдытах для тых, хто сутыкнуўся з жыццёвымі цяжкасцямі. Можна будзе не аплочваць крэдыт цягам трох месяцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by

Пра магчымасць увядзення новай опыцыі адтэрміноўкі плацяжоў па крэдыце заявіў кіраўнік Галоўнага ўпраўлення рэгулявання банкаўскіх аперацыяў Нацыянальнага банка Аляксандр Шаўко.

Такая адтэрміноўка азначае, што чалавека, які трапіў у складаныя жыццёвыя сітуацыі, могуць вызваліць ад выплатаў па асноўным доўгу і працэнтах на тэрмін да трох месяцаў.

Да складаных жыццёвых сітуацыяў адносяць:

  • смерць мужа ці жонкі;
  • страту працы;
  • прызнанне непрацаздольным у адпаведнасці з заканадаўствам;
  • 40 і больш дзён непрацаздольнасці (напрыклад, па хваробе).

У той жа час адзначаецца, што гэта пакуль яшчэ не закон, а ўсяго толькі прапанова. Некаторыя пункты яе выклікаюць спрэчкі паміж банкірамі і заканадаўцамі: напрыклад, працэнты, якія будуць замарожаныя цягам трох месяцаў, пазней трэба будзе выплаціць у любым выпадку.

Пры гэтым выдавец крэдыту зможа патрабаваць дакументы, якія пацвярджаюць цяжкую жыццёвую сітуацыю. Акрамя таго, заяву пра адтэрміноўку трэба будзе падаваць не пазней за тры месяцы з дня ўзнікнення цяжкой жыццёвай сітуацыі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў