Андрэя Саннікава пакаралі 5 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму


Фёдару Мірзаянаву, Іллю Васілевічу, Уладзю Яроменку прысудзілі па 3 гады, Алегу Гнедчыку – 3 гады і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Суд Партызанскага раёну Менску сёння цалкам прызнаў віну абвінавачаных у арганізацыі масавых беспарадкаў, а таксама ўдзел у гэтых масавых беспарадках іншых удзельнікаў крымінальнай справы

Нагадваем, што пракурор патрабаваў пакараць Андрэя Саннікава 7 гадамі зняволення, Іллю Васілевіча – 3, Гнедчыка – 4, Мірзаянава – 3, Яроменку – 3 гадамі зняволення. Усім – узмоцнены рэжым.

Сённяшняе чытанне выраку заняло больш за гадзіну. Суддзя падрабязна спынілася на доказах віны Саннікава: “Загадзя падрыхтаваўся да мерапрыемства, спланаваў яго і паведаміў грамадзянам аб выніках, нібыта праведзеных экзіт-полам. Потым супольна са Статкевічам узначаліў натоўп, які складаўся з некалькіх тысяч чалавек, і прайшоў да Дому ўраду. З-за гэтага была парушаная нармальная дзейнасць некалькіх прадпрыемстваў. Гэта таксама прывяло да спынення транспарту больш як на 50 хвілінаў, вымушана быў зменены маршрут аўтобусаў. Знаходзячыся на плошчы, Саннікаў, улічваючы псіхалогію натоўпу і ўзбуджаючы пачуццё помсты ў людзей, двойчы падышоў да дзвярэй Дому ўраду, справакаваўшы грамадзянаў на масавае бязладдзе”.

У зале суда прысутныя негатыўна сустрэлі выракі. Сваякі падсудных не хавалі слёзаў, яны сустрэлі вырак крыкамі «Свабоду!», «Ганьба ўладзе!». Тыя, хто застаўся за дзвярыма судовай залы, таксама скандавалі «Свабоду!». Жанчыны плакалі. Людміла Мірзаянава, якую не пусцілі на абвешчанне прысуду, паспела крыкнуць сыну, калі яго выводзілі пад канвоем: “Федзя, я цябе люблю, сынок!”.

Спадарыня Ала, маці Андрэя Саннікава, ледзь трымалася, было бачна, як цяжка ёй далося усё, што адбываецца з яе сынам. Сам экс-кандыдат на прэзідэнта, асуджаны на пяць гадоў турмы, толькі сказаў прысутным: «Беражыце маіх родных». Так суд павіншваў маленькага Даньку, сына Аднрэя Саннікава і Ірыны Халіп, якому заўтра спаўняецца 4 гады

На працэсе сёння прысутнічалі праваабаронцы і дыпламаты – прадстаўнікі ЗША, Літвы, Нямеччыны, АБСЕ.

Паводле праваабаронцы Алены Танкачовай, якая выступала ў справе ў якасці сведкі, следства не знайшло пацверджання таму, што на Плошчы адбываліся масавыя беспарадкі. “Міжнародная экспертыза, далучаная на маё і адвакацкія хадайніцтвы да матэрыялаў крымінальнай справы, сведчыць пра тое, што маюцца сур’ёзныя пытанні да кваліфікацыі, якую дало следcтва”.

Праваабаронцы рыхтуюць справаздачу аб судовых працэсах па 19 снежня ў Беларусі, якія могуць паўплываць на стасункі Еўразвязу з Беларуссю ў палітычным і эканамічным кантэксце.

Адвакаты заявілі, што будуць абскарджваць рашэнне суда.

belsat.eu

Стужка навінаў