Расейцы наступаюць шырокім фронтам на ўсходзе Украіны. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 642-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 28 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Баец 80 асобнай дэсантна-штурмавой Галіцкай брыгады ДШВ УС Украіны.
Фота: GeneralStaffUA / Twitter

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Украіны працягваюцца баі каля сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці. Генеральны Штаб Збройных сілаў Украіны паведамляе пра адбіццё атак праціўніка каля населенага пункту.

Пры гэтым і Міністэрства абароны РФ піша пра чатыры няўдалыя атакі ўкраінцаў на гэтым участку фронту, што ўказвае на актыўную абарону з боку ЗСУ.

Аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць часовы заход расейцаў у Сынькоўку, але замацавацца ім не ўдалося. Цяпер іхныя перадавыя пазіцыі знаходзяцца перад самім сялом.

Таксама на купянскім кірунку Узброеныя Сілы РФ атакуюць каля сяла Петрапаўлаўка, але зменаў па лініі фронту не зафіксавана.

На суседнім ліманскім кірунку адзначаецца актывізацыя расейскіх вайскоўцаў, якія цягам содняў правялі прынамсі 12 атак каля населеных пунктаў Стэльмахаўка, Церны, Ямпалаўка, Торскае, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва. Паводле Генштабу ЗСУ, на ўсіх участках сілы абароны краіны ўтрымалі свае пазіцыі.

Разам з тым расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што ў Серабранскім лясніцтве каля сяла Дзіброва ідуць сустрэчныя баі.

Hавiны
«Я не магу зрабіць так, каб з Беларусі не заходзілі». У Кіеве раскрылі дэталі размовы Лукашэнкі з Зяленскім
2023.11.25 10:28

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва застаецца за расейскімі вайскоўцамі. Генштаб ЗСУ піша пра 28 няўдалых атак праціўніка каля сёлаў Багданаўка, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка (на захадзе і поўдні ад раённага цэнтру).

У Deepstate паведамляюць, што таксама расейцы ціснуць каля Курдзюмаўкі.

Пегаў дадае інфармацыю пра беспаспяховыя спробы УС РФ выціснуць праціўніка каля Хромава.

У сваю чаргу Збройныя сілы Украіны контратакуюць каля Клішчыеўкі.

Акрамя гэтага адзначаецца наступальная актыўнасць украінцаў на самым поўдні кірунку ў ваколіцах гораду Горлаўка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» піша пра спробы ЗСУ выбіць праціўніка з пазіцыяў каля Маёрскага.

У 46-й аэрамабільнай брыгадзе Збройных сілаў Украіны паведамляюць аб прасоўванні і замацаванне на асобных участках. Такімі дзеяннямі ЗСУ намагаюцца не даць расейцам перакінуць рэзервы на суседні аўдзееўскі кірунак.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

На поўначы ад Данецку працягваецца наступальная аперацыя Узброеных сілаў РФ, якія намагаюцца атачыць і захапіць горад Аўдзееўка.

Украінскі бок адзначае 23 няўдалыя атакі расейцаў каля Новабахмутаўкі, Бэрдычаў, Вопытнага, Севернага, Танэнькага, а таксама ў самой Аўдзееўцы.

У Deepstate гавораць, што таксама УС РФ праводзяць штурмавыя дзеянні каля Новакалінавага, Стэпавога і Вадзянога. 

Між тым Пегаў фіксуе прасоўванні расейцаў на тэрыторыі прамысловай зоны ў Аўдзееўцы.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што таксама Узброеныя сілы РФ прасунуліся за 1,5 кіламетра на ўсход ад коксахімічнага заводу.

«Белорусский силовик» сцвярджае, што акрамя гэтага расейцы замацаваліся на ўскрайках Севернага, цяпер пад іхным кантролем частка сяла.

На захадзе ад Данецку УС РФ атакуюць каля Мар’інкі і Новаміхайлаўкі, але зменаў па лініі фронту цягам содняў не зафіксавана.

Hавiны
Расея прыбрала ракетныя комплексы С-400 з Калінінградскай вобласці
2023.11.26 16:35

Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

На паўднёвым захадзе Данецкай вобласці Узброеныя сілы РФ ціснуць каля Старамаёрскага. Тэлеграм-канал «Воин DV» сцвярджае, што ім удалося прасунуцца на паўночным захадзе ад сяла. У адказ на гэтага ЗСУ перакінулі дадатковыя сілы ў самое Старамаёрскае.

На мелітопальскім кірунку ідуць сустрэчныя баі на поўдні ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці.

Украінскі Генштаб піша пра тры няўдалыя спробы расейцаў аднавіць становішча каля сёлаў Работына і Навапрокапаўка.

Тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» фіксуе беспаспяховыя атакі ЗСУ каля Работына і Вэрбовага.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Аналітыка
Ці актуальна для Беларусі пагроза ўступлення ў вайну супраць Украіны?
2023.11.28 17:05

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў