«Я не магу зрабіць так, каб з Беларусі не заходзілі». У Кіеве раскрылі дэталі размовы Лукашэнкі з Зяленскім


Кіраўнік фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка казаў Уладзіміру Зяленскаму падчас тэлефоннай размовы ў першыя дні вайны. Паводле дэпутата, беларускі палітык прызнаў, што не мае магчымасці забараніць расейскім войскам атакаваць Украіну са сваёй тэрыторыі.

Расейская вайсковая тэхніка прыбывае ў Беларусь. 6 снежня 2023 года. Станцыя Палонка, Баранавіцкі раён, Беларусь.
Фота: Міністэрства абароны Беларусі / Telegram

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі размаўлялі праз тэлефон 27 лютага летась. Самазваны прэзідэнт потым казаў, што гэта гутарка «была цяжкою».

«Ён нас лічыў агрэсарам. Але ўрэшце мы дамовіліся», – заявіў Лукашэнка праз некалькі дзён пасля размовы.

Цяпер падрабязнасці ў інтэрв’ю журналістцы Наталлі Масэйчук раскрыў кіраўнік фракцыі «Слуга народу», якая мае бальшыню ў Вярхоўнай Радзе, Давід Арахамія. Ён прывёў словы Лукашэнкі:

«Я не магу зрабіць так, каб яны не карысталіся маёй інфраструктураю, праз Беларусь не заходзілі і не запускалі ракетаў. Але я гарантую, што ніводны беларускі салдат не пяройдзе мяжы Украіны».

Паводле Арахаміі, тады ніхто не паверыў, што Беларусь не будзе ваяваць з Украінаю:

«Трэба аддаць належнае – слова ён дасюль трымае».

У кастрычніку кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыла Буданаў таксама заявіў пра неабходнасць «аддаць належнае» Лукашэнку за тое, што ён «не дапусціў спробы паўторнага нападу» расейскіх войскаў з беларускай тэрыторыі.

«Калі б ён не быў такі хітры, мы мелі б ужо вайну і з Беларуссю, і з тэрыторыі Беларусі, якую б проста выкарыстоўвалі б расейцы. Гэта нават нам у плюс. Не трэба адбельваць гэтага чалавека, але тое, што ён не дапусціў пасля тых страшных падзеяў, зімы і вясны 2022 года, нават спробы паўтарэння, – гэта таксама праўда, трэба аддаць належнае гэтаму чалавеку», – сказаў Буданаў у інтэрв’ю выданню «Українська правда».

Кіраўнік ГУР Украіны таксама выказаў упэўненасць, што з боку Беларусі агрэсіі больш не будзе.

Тым часам 23 лістапада галоўны рэдактар выдання «Kyiv Post» Багдан Нагайла апублікаваў калонку з заклікам да кіраўніцтва Украіны перастаць ухіляцца ад беспасярэдніх кантактаў з абранаю прэзідэнткаю Беларусі Святланаю Ціханоўскаю.

«Самы час запытацца ўголас: што стаіць за відавочным дыстанцыяваннем афіцыйнага Кіева ад беларускай дэмакратычнай апазіцыі і, у прыватнасці, ад яе лідаркі Святланы Ціханоўскай? Чаму яе прымаюць кіраўнікі дзяржаваў і палітычныя лідары ад Вашынгтону да Польшчы, а прэзідэнт Уладзімір Зяленскі і ягоная адміністрацыя па-ранейшаму ігнаруюць яе? Чаму афіцыйная Украіна ў гэтым плане моцна разыходзіцца са сваймі дэмакратычнымі заходнімі партнёрамі?» – напісаў журналіст.

Нагайла адзначыў, што Ціханоўская выказвае салідарнасць з Украінай, а «прэзідэнт Зяленскі не працягнуў ёй рукі салідарнасці і няшмат сказаў пра барацьбу за свабоду ў суседняй Беларусі».

Журналіст нагадаў, што беларус Міхаіл Жызнеўскі быў адною з першых ахвяраў Еўрамайдану ў 2014 годзе, а цяпер беларускія добраахвотнікі ваююць з Расеяй на баку Украіны:

«Дык што стаіць за непрыстойнымі паводзінамі Кіева ў адносінах да дэмакратычных сілаў у суседняй краіне, якія імкнуцца да свабоды і вызвалення ад расейскага панавання? Нейкія кулуарныя дамоўленасці з Лукашэнкам? Грошы, бізнес, узаемныя бонусы, ваенныя фактары? Магчыма, да 2022 года: але сёння? Дзіўная стрыманасць Кіева адчуваецца і баліць».

Аналітыка
Як і чаму афіцыйны Кіеў карэктуе сваю палітыку ў дачыненні Беларусі
2023.06.02 07:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў