33 шахцёры загінулі ў выніку выбуху газу ў шахце ў Казахстане


Ноччу 28 кастрычніка ў шахце імя Касценкі ў Карагандзінскай вобласці ў Казахстане адбылася аварыя. Паводле папярэдняй версіі здарэння, выбухнула газапаветраная сумесь, у выніку чаго пачаўся пажар, паведамляе «Радио Азаттык». Загінулі 33 чалавекі, яшчэ 13 гарнякоў працягваюць шукаць.

Шахта імя Касценкі ў Карагандзе, Казахастан.
Фота: tengrinews.kz

У момант аварыі пад зямлёй у шахце імя Касценкі знаходзіліся 252 шахцёры. Большую частку паспяхова вывелі на паверхню, 18 чалавек звярнуліся за медычнай дапамогай. Пазней стала вядома, што 20 гарнякоў шпіталізаваныя праз атручванне ўгарным газам.

Аварыя на шахце адбылася падчас праверкі, якую распачалі яшчэ 9 кастрычніка. У ходзе гэтай праверкі высветлілася, што ў шахце не была ўсталяваная сістэма пазіцыянавання, закліканая забяспечваць выяўленне месцазнаходжання чалавека ў горных выпрацоўках і перадаваць інфармацыю ў рэжыме рэальнага часу ў дыспетчарскі пункт.

«Спачатку адбылося ўзгаранне ў выпрацоўцы, людзям пачалі абвяшчаць аб эвакуацыі, праз 7-8 хвілін адбыўся выбух, моц была вялікая, дальнасць ударнай хвалі склала больш двух кіламетраў. Былі і ачагі пажару. Пяць чалавек дасталі, астатнім шахцёрам мы дапамагчы нічым не змаглі, на жаль. Працягваюцца пошукавыя працы, мы сканцэнтраваныя на пошуках 13 гарнякоў, іхнае месцазнаходжанне мы ведаем», – сказаў Генадзь Сілінскі, першы намеснік дырэктара Карагандзінскага філіялу таварыства «Рэспубліканскі цэнтральны штаб прафесійных ваенізаваных аварыйна-выратавальных службаў».

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў абвесціў 29 кастрычніка днём агульнанацыянальнай жалобы. Ён прыехаў у Караганду, дзе сустрэўся з сем’ямі загінулых шахцёраў. Таксама Такаеў даручыў ураду «спыніць інвестыцыйную супрацу» з кампаніяй «АрселорМіталЦеміртаў», якой належыць шахта, дзе адбылася аварыя.

Аб’ектыў
Як Казахстан гандлюе электронікай вайны
2023.10.20 22:35

У сярэдзіне жніўня гэтага года аварыя адбылася ў шахце «Казахстанская», якая таксама належыць «АрселорМіталЦеміртаў». Тады загінулі 5 працаўнікоў. У лістападзе 2022 года ў выніку аварыі на шахце ім.Леніна гэтай жа кампаніі таксама загінулі 5 чалавек. Увесну 2022 года на металургічным камбінаце Цеміртаў абрынуліся канструкцыі – пад імі загінулі чатыры чалавекі.

Кампанія «АрселорМіталЦеміртаў» заявіла, што падпісала пагадненне, згодна з якім уласнікам стане Рэспубліка Казахстан.

«АрселорМіталЦеміртаў» валодае вугальнымі шахтамі, металургічным камбінатам у горадзе Цеміртаў у Карагандзінскай вобласці, горна-абагачальнай фабрыкай і інфраструктурнымі аб’ектамі Цеміртаў. Гэтыя актывы кампанія брытанскага мільярдэра індыйскага паходжання Лакшмі Мітала атрымала падчас прыватызацыі актываў у сярэдзіне 1990-х гадоў.

На аб’ектах «АрселорМіталЦеміртаў» за апошнія 15 гадоў загінулі больш за 120 чалавек, без уліку ахвяраў аварыі 28 кастрычніка.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў