Як Казахстан гандлюе электронікай вайны


Урад Казахстану афіцыйна абвяргае забарону на пастаўкі ў Расею спісу тавараў. Пра гэтую забарону раней заяўляў урад Казахстану. У Астане кажуць, што гандлююць з расейцамі адпаведна дамоўленасцяў Еўразійскага эканамічнага саюзу. Тэма жыццёва важная, бо закранае пастаўкі электронікі і абсталявання для расейска-ўкраінскай вайны. Таксама пакуль няясна, ці далучыўся Казахстан да антываенных санкцыяў Еўразвязу адносна Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У пятніцу ў будынак Міністэрства замежных справаў Лукашэнкі ў Менску прыехаў амбасадар Казахстану ў Беларусі. Афіцыйна Ерлан Байжанаў сустракаўся з міністрам Сяргеем Алейнікам, каб абмеркаваць актуальныя пытанні беларуска-казахстанскіх стасункаў. Але сустрэча супала з ажыятажам вакол забаронаў на гандаль з Беларуссю і Расеяй, пра якія ў казахстанскім сенаце казаў віцэ-міністр гандлю.

«Мы экспартуем усе тавары, акрамя тых, што тычацца вайны, – на іх накладзеныя абмежаванні. Гэта 106 найменняў тавараў – іх экспарт мы цалкам забаранілі. Гэта дроны, электронныя чыпы і электроніка, якую могуць выкарыстаць падчас вайны», – заявіў віцэ-міністр гандлю і інтэграцыі Казахстану Кайрат Тэрэбаеў.

Таксама прэса звярнула ўвагу на старонку «Traderadar.kz», створаную ў Казахстане адмыслова для бізнесу. Там можна знайсці інфармацыю, што нельга купляць ці прадаваць у Расею, якія антываенныя санкцыі ЗША, Еўразвяз і Швейцарыя ўвялі адносна рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. Сярод абмежаванняў – забарона на экспарт у Беларусь банкнотаў любой краіны Еўразвязу ды каштоўных папераў, забарона на аўтаперавозкі транспартам, зробленым у Беларусі, забарона беларускіх нафты, газу, цыгарэтаў, фармацэўтыкі і шэрагу іншых тавараў. Але гэта толькі для даведкі.

«Тут жа не скажаш як чалавеку, які зайшоў на сайт, праверыць, ці адпавядае тавар санкцыйнаму спісу і падвойнаму прызначэнню, што з інфармацыяй рабіць. Ён будзе яе выкарыстоўваць, каб абыходзіць, ці наадварот, каб вытрымліваць санкцыйны рэжым», – ацэньвае сайт кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Ёсць на старонцы і тавары падвойнага прызначэння, забароненыя для продажу ў Расею. Але ніякай юрыдычнай сілы гэтыя коды не нясуць, і адказнасці за гандаль няма.

«Датычна Беларусі, калі браць па ўсім гэтым наборы пазіцыяў, то ніякіх захадаў на ўзроўні ўраду не ўжывалася. Адносна Расеі абмежаванне паставак падвойнага ці вайсковага прызначэння ёсць. А ўвесь шырокі спіс санкцыяў, які ёсць на гэтым сайце, яны толькі ў інфармацыйным полі», – падкрэслівае эканаміст Аляксей Харкевіч.

Пазней Міністэрства гандлю і інтэграцыі Казахстану зняпраўдзіла выступ свайго ж віцэ-міністра перад Сенатам.

«Датычна інфармацыі ў СМІ аб забароне на продаж у Расею 106 відаў тавараў – Міністэрства гандлю і інтэграцыі афіцыйна паведамляе пра яе некарэктнасць. Рэгуляванне гандлёвых дачыненняў Казахстану і Расеі адбываецца адпаведна з Дамовай аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Забароны на экспарт якіх-кольвек тавараў у РФ у сувязі з антырасейскімі санкцыямі не ўводзіліся», – заявіла Міністэрства гандлю і інтэграцыі Казахстану.

У міністэрстве заяўляюць, што гандаль таварамі, якія Расея можа выкарыстаць для вайны, ідзе адпаведна міжнародным абавязальніцтвам Казахстану, так, як яны гандлююць больш за 20 гадоў.

«На тавары так званага “падвойнага прызначэння” неабходнае атрыманне адпаведнай ліцэнзіі пры экспарце, імпарце і транзіце», – тлумачаць у Міністэрстве гандлю і інтэграцыі Казахстану.

Афіцыйна Казахстан не дапамагае Пуціну і Лукашэнку ні з пастаўкамі ваенных камплектуючых, ні з перапродажам расейскіх падсанкцыйных тавараў на замежныя рынкі.

«Казахстан адназначна заявіў, што будзе следаваць санкцыйнаму рэжыму. Мы маем кантакты з адпаведнымі арганізацыямі па выкананню санкцыйнага рэжыму», – заяўляў прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў у Берліне 28.09.2023.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. Фота з афіцыйнага сайта: akorda.kz

Але гэтыя заявы – для еўрапейскіх партнёраў.

«За 2022 год у паўтара раза павялічылася колькасць арганізацыяў з замежным капіталам з Расеі ў Казахстане. За гэты ж час прадпрыемствы з беларускім капіталам увайшлі ў Топ-10 сярод усіх краінаў у Казахстане», – нагадвае эканаміст Аляксей Харкевіч.

Гэта яўна звязана з санкцыйным ціскам, тлумачыць эксперт. Тое самае і ў суседзяў. Проста Астана – найбуйнейшы партнёр Масквы. За мінулы год таваразварот краінаў Сярэдняй Азіі з Расеяй вырас у каго на 6 %, а ў каго – на 86 %. А сёлета імпарт тавараў з Еўразвязу ў Кыргызстан вырас на 300 %. Прычым фуры, што вязуць электроніку ў Кыргызстан, могуць ашчаджаць паліва і разгружацца адразу ў Расеі.

Але гэта палітыка шматвектарная, не прарасейская.

«Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Казахстану ўступіць у Саюзную дзяржаву [Расеі і Беларусі]. Я годна ацаніў ягоны жарт», – заяўляў прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў 29.05.2023.

Як цяпер Казахстан гандлюе з Беларуссю, у Астане пакуль афіцыйна не ўдакладнілі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»