У палітвязня Міколы Статкевіча ў калоніі пагоршыўся стан здароўя


Стан здароўя палітыка Міколы Статкевіча, які цяпер утрымліваецца ў калоніі, пагоршыўся. Пра гэта тэлеграм-каналу «Позірк» распавяла крыніца, блізкая да ягонай сям’і.

Мікола Статкевіч.
Фота: hramada.org

Паводле крыніцы, атрымаць больш інфармацыі пра стан палітзняволенага фактычна немагчыма з увагі на ўмовы ягонага ўтрымання: большую частку часу Мікола Статкевіч застаецца ў адзіночнай камеры ва ўмовах асаблівага рэжыму і бачыць людзей, толькі калі яго адтуль пераводзяць у штрафны ізалятар.

Ад палітзняволенага палітыка Міколы Статкевіча больш за 5 месяцаў (169 дзён) няма ніякай інфармацыі. Ягоная жонка Марына Адамовіч паведаміла 27 ліпеня, што начальнік папраўчай калоніі № 13, дзе Статкевіч адбывае пакаранне, спасылаецца на кепскую працу «Белпошты». Аднак да «Белпошты» ў жанчыны прэтэнзіяў няма.

Таксама Марына Адамовіч 24 ліпеня паведамляла, што ёй вярнулі ліст да мужа Міколы Статкевіча з фармулёўкай «адмова ад атрымання». Ейны ліст нават не забралі з пошты.

Марыне Адамовіч вярнулі ейны ліст да Міколы Статкевіча.
Фота: Марина Адамович / Facebook

Статкевіч утрымліваецца за кратамі больш за 3 гады. Ён быў затрыманы 31 траўня 2020 года, калі ехаў на Камароўскі рынак у Менску, дзе збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. За два дні да гэтага быў арыштаваны Сяргей Ціханоўскі. Спачатку Статкевіча некалькі разоў каралі адміністратыўным арыштам, а потым выставілі яму абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў.

14 снежня 2021 года суддзя Мікола Доля агучыў прысуд Міколу Статкевічу. Ён быў прызнаны вінаватым у арганізацыя масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК). 20 чэрвеня 2022 года Мікола Статкевіч быў этапаваны з гомельскага СІЗА № 3 у глыбоцкую калонію № 13. У лістападзе 2022 года палітвязень хварэў на пнеўманію, яго змяшчалі ў лякарню. У жніўні 2022 года Міколу Статкевіча на паўгода змясцілі ў адзіночную камеру. Адміністрацыя папраўчай установы паставіла яго на ўлік як схільнага да экстрэмізму.

У пачатку сакавіка 2023 года жонка палітвязня паведаміла, што яна ўжо месяц не атрымлівае ад яго лістоў, таксама да яго не дапусцілі адваката. Пра палітвязня нічога не вядома дагэтуль. Агулам з ліпеня 2022 года Статкевічу ў калоніі выпісалі мінімум 21 спагнанне.

12 жніўня палітыку споўніцца 67 гадоў.

Ваяры
«Статкевіч – самы моцны чалавек, якога я бачыў»: Дзяніс Урбановіч
2023.02.12 19:34

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў