Баі на поўдні і ўсходзе. Як выглядае становішча ЗСУ на розных кірунках?


«Белсат» падводзіць вынікі 764-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 28 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці баі лакалізуюцца ў ваколіцах сяла Сынькоўка і  маюць сустрэчны характар. Між тым зменаў па лініі сутыкнення не фіксуецца.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на суседнім ліманскім кірунку цягам апошніх содняў войскі РФ пяць разоў атакавалі каля населеных пунктаў Церны і Белагораўка ў Данецкай і Луганскай вобласцях адпаведна, але прасунуцца не здолелі.

Разам з тым праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» адзначае цяжкую сітуацыю для ЗСУ ў Белагораўцы: тут праціўнік мае істотную перавагу ў БпЛА і FPV-дронах, што істотна ўскладняе перамяшчэнне ўкраінскіх вайскоўцаў, а таксама дастаўку боепрыпасаў і правізіі.

У ноч на 2 сакавіка ў адным з жылых раёнаў Адэсы, у выніку расейскай атакі дронамі тыпу «Шахед» адбылося траплянне ў жылы дом, што пацягнула абрушэнне часткі дому і гібель некалькіх чалавек. На гэты момант вядома пра 5 загінулых, але пад заваламі яшчэ застаюцца людзі, іх колькасць удакладняецца. Адэса, Украіна. 2 сакавіка 2024 года.
Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятывай таксама валодаюць Узброеныя сілы РФ, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру, імкнучыся выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.

Генштаб ЗСУ піша пра чатыры адбітыя атакі праціўніка за содні ў ваколіцах сёлаў Іванаўскае і Андрэеўка.

Сямён Пегаў паведамляе, што таксама УС РФ ціснуць у населеных пунктах Багданаўка і Клішчыеўка, і пры гэтым маюць прасоўванні ў першым сяле. Акрамя гэтага ваенкор фіксуе контратакі ўкраінцаў у Іванаўскім.

Тэлеграм-канал «Romanov Лайт» сцвярджае, што пакуль расейцы кантралююць толькі ўсходнюю палову Іванаўскага.

Іншая прарасейская крыніца – «Два майора» – піша, што войскі РФ рухаюцца з поўначы ад сяла да ўскрайках гораду Часаў Яр.

Тэлеграм-канал байца Збройных сілаў «Говорять Снайпер» звяртае ўвагу на адну з галоўных праблемаў на гэтым участку фронту: пад кантролем войскаў РФ знаходзяцца 9-павярховыя дамы ў Бахмуце, з якіх праціўнікам ажыццяўляецца выведка, а таксама працуюць аператары ўдарных дронаў, супрацьтанкавыя сродкі і снайперы. Таму, на думку крыніцы, будынкі маюць быць знесеныя любымі сродкамі, каб скараціць страты сярод украінцаў.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ ціснуць у ваколіцах населеных пунктаў Бэрдычы, Сямёнаўка і Невельскае, але поспеху не маюць.

Пегаў гаворыць пра цяжкія сустрэчныя баі ў сяле Первамайскае. Таксама ваенкор адзначае контратакі ЗСУ па ўсім кірунку з тактычнымі поспехамі на асобных участках.

Прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» удакладняе, што ў Сямёнаўцы войскі РФ перайшлі да гнуткай абароны на занятых раней пазіцыях на поўдні сяла. Пры гэтым паралельна з адбіццём контратак ЗСУ расейцы ўмацоўваюць лінію абароны.

Найбольшая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў Узброеных сілаў РФ цягам апошніх содняў фіксуецца на суседнім навапаўлаўскім кірунку, дзе яны прынамсі 27 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Георгіеўка і Новаміхайлаўка, але прасунуцца не здолелі. Тут баі ідуць у саміх сёлах, а таксама ў іхных ваколіцах.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку расейцы наступаюць на паўднёвым захадзе ад сяла Старамаёрскае ў Данецкай вобласці. У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы палепшылі становішча па пярэднім краі на гэтым участку фронту.

У Запарожскай вобласці працягваюцца сустрэчныя баі на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў паміж сёламі Вэрбовае і Работына. Зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

У Генштабе ЗСУ паведамілі, што таксама цягам апошніх содняў расейцы намагаліся выбіць сілы абароны Украіны з плацдармаў на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці,  але поспеху не дасягнулі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што на гэтым кірунку Збройныя сілы перайшлі да глухой абароны.

Між тым канал «Два майора» паведамляе, што байцы сілаў абароны ў рамках дэцэнтралізаваных паставак атрымалі сотні FPV-дронаў, што мае палепшыць іхнае становішча на Херсоншчыне.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў