Ігар Сігоў: Я гатовы ўзяць зброю, каб бараніць Беларусь


Былы купалавец і зорка серыялу «Працэсы» прайшоў дэтэктар хлусні ў праграме «Шчыра кажучы»

Вядомы беларускі актор Ігар Сігоў пакінуў Беларусь не толькі праз падзеі 2020 года, але і таму, што ягоная жонка – украінка з Херсоншчыны, якую пасля пачатку вайны магла чакаць дэпартацыя. Ды агрэсія Расеі супраць Украіны змяніла не толькі месца жыхарства Ігара Сігова, актор адмовіўся здымацца ў расейскім кіно, хаця ганарары там былі немалыя.

«Спачатку тэлефанавалі асістэнты, пыталіся, дзе я. Карацей, прапаноўвалі зняцца ў кіно. Расейскае кіно, але здымалі ў Беларусі. Я кажу: не, не, не. Не працую з расейскімі постпрадакшнамі, растлумачыўшы, чаму. Таму што 24 лютага – усё, дасвідос!»

– Вы можаце сабе ўявіць, што калі-небудзь зноў будзеце здымацца ў расейскім кіно? Пры якіх абставінах гэта можа адбыцца?

– Не ведаю.

Ігар Сігоў. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы». Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

– Калі скончыцца вайна, то пойдзеце здымацца ў расейскім кіно?

– Калі скончыцца вайна перамогай Украіны, і яна забярэ ўсе свае тэрыторыі. Калі ўсё ж такі нешта зменіцца ў галовах расейцаў. Заўважце, я не кажу «рускіх», а расейцаў. Таму што тое, што адбываецца, тое, што мы бачым у цік-токах і гэтак далей, – іх выказванні, і тыя канцэрты, на якіх выступаюць нават артысты, з якімі я (хацеў бы сказаць) меў гонар здымацца… Але цяпер я не скажу так, што меў гонар здымацца. З якімі я здымаўся. Якія такім чынам падтрымліваюць не спецаперацыю, а вайну ва Украіне, забойства людзей.

Інтэрв’ю
«Гэта выхаванне рабоў». Купалавец Ігар Сігоў пра псеўдапатрыятызм і вар’ятаў у пагонах
2023.12.05 13:00

– Падчас здымкаў у расейскім кіно вы цярпелі прыніжэнне ў адносінах да сябе?

– Не.

Паліграф: ПРАЎДА.

Ігар Сігоў пацвердзіў, што ў Беларусі сутыкаўся з цэнзураю. Адзін раз быў нават вельмі пацешны выпадак.

«Калі я быў дырэктарам тэатру, толькі-толькі прыйшоў. Аляксандр Фёдаравіч Гарцуеў быў мастацкім кіраўніком, і, здаецца, ён вырашыў паставіць «Раскіданае гняздо». А там ёсць слова «бацька», напісанае ў тэксце. Нас папрасілі не казаць слова «бацька». Таму што «бацька» ў нас хто? А калі гучалі словы «ваш бацька павесіўся», то ўвесь зал пачынаў смяяцца. Таму там ён змяніў гэтае слова на «тата». Ну як бы гэта такая маленькая, але цэнзура».

Ігару Сігову, калі сыходзіў з Купалаўскага тэатру, давялося два разы падаваць заяву аб звальненні, бо першы раз заяву падпісаў Павел Латушка, пазней кіраўніцтва нібыта не прызнала гэтага подпісу.

– Павел Латушка сімпатычны вам як чалавек?

– Так

– І наш паліграф мяркуе, што вы адказалі нам шчыра. У вас ёсць цяпер кантакты з Паўлам Латушкам?

– Ну так. Мы сустракаемся час ад часу, таму што ён дапамагае нам, купалаўцам, у сэнсе, напрыклад, знайсці памяшканне, ён вырашае нейкія там пытанні. Не ўсе, таму што ў яго і без нас хапае клопату, але ўсё ж такі ну так, сустракаемся.

Ігар Сігоў. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы». Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

– А вось вы бачыце яго прэзідэнтам у будучай Беларусі?

– Было б пытанне – я б галасаваў. Мне падабаецца. Ну, тыя рэчы, якія, ну, быццам бы ён робіць, і тое, што я бачыў, і тое, што ён гаворыць, і тое, што ён намагаецца зрабіць, як бы там ні было, я падтрымліваю гэта.

– А якія менавіта рэчы?

– Барацьба за палітвязняў, барацьба за санкцыі супраць Лукашэнкі, за тое, што Лукашэнку трэба не проста адхіліць ад улады, так, змяніць уладу, а ўсё ж такі каб ён панёс пакаранне, не толькі ён, а і ўсе, хто прымаў удзел з яго падачы, альбо не з яго падачы, у генацыдзе.

Глядзіце поўнае выданне «Шчыра кажучы» на YT-канале «Belsat News» (відэа вышэй).

Стужка навінаў