Каго і за што звальняюць з Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі


На мінулым тыдні ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі пачалі звальняць работнікаў. Reform.by удалося пацвердзіць, што з музею звальняюць 11 чалавек.

Нацыянальны мастацкі музей. Менск, Беларусь. 17 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Паводле журналістаў Reform.by, заявы на звальненні «па згодзе бакоў» 23 снежня падпісалі загадчыца рэдакцыйна-выдавецкага аддзелу Святлана Шукан, загадчыца выставачнага аддзелу Яўгенія Сабалеўская, загадчыца аддзелу беларускага мастацтва ХХ–ХХІ стагоддзяў Кацярына Ізафатава, рэстаўратары Святлана Дзікуць і Аляксандр Лагунгвіч-Чарапко, загадчыца сектару ўліку Таццяна Мартуль, намеснік генеральнага дырэктара ў пытаннях рэстаўрацыі Сяргей Вечар.

Нагодаю для чыстак стаўся фотаздымак салідарнасці часткі калектыву музею, зроблены ў 2020 годзе. На ёй работнікі стаяць на прыступках Нацыянальнага мастацкага музею з плакатамі супраць гвалту і кветкамі. 17 снежня «выкрывальны» здымак быў размешчаны ў прапагандысцкім тэлеграм-канале «КрысолOFF», а пазней пайшла атака на працаўнікоў.

Некаторых «КрысолOFF» вінаваціў у карупцыі. Нібыта ў 2021 годзе музей купіў у мастака Уладзіміра Царыкавіча, мужа мастацтвазнаўцы Кацярыны Ізафатавай, карціну «Крык» (2020). Прапагандыстам прыйшлася не да спадобы ні карціна, ні сума, якую за яе заплацілі – Br 10 875.

«Пры гэтым аўтары праўладнага каналу зусім не згадалі таго факту, што набыццё любога твору мастацтва ў калекцыю музею адбываецца праз экспертызу дзвюх камісіяў – у Беларускім саюзе мастакоў і ў Міністэрстве культуры», – заўважае Reform.by.

Колькасць звольненых з Нацыянальнага мастацкага музею можа ўзрасці.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў