Мальта можа стаць старшынёй АБСЕ ў 2024 годзе


Пастаянная рада АБСЕ рэкамендавала міністрам замежных справаў краінаў – удзельніц арганізацыі зацвердзіць Мальту ў якасці старшыні на 2024 год.

АБСЕ
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mikhail Evstafiev / OSCE / osce.org

Аб гэтым паведаміў ва ўласным акаўнце сацсеткі «Х» старшыня АБСЕ і міністр замежных справаў Паўночнай Македоніі Буяр Асмані (ягоная краіна зараз старшынюе ў арганізацыі).

«Экстраныя навіны з Вены! Важныя рашэнні, якія адкрываюць шлях да кансенсусу адносна старшынявання ў АБСЕ ў 2024 годзе, якія павінны быць пацверджаныя на Радзе міністраў замежных справаў у Скоп’е. Дзякуй Мальце за вашае жаданне ўзяць на сябе гэтую жыццёва важную ролю і ўсім калегам за вашую гнуткасць і падтрымку», – напісаў Асмані.

Пасяджэнне Рады міністраў АБСЕ адбудзецца ў Скоп’е (Паўночная Македонія) 30 лістапада і 1 снежня 2023 года, мяркуецца, што там будзе разгледжана пытанне аб старшыняванні Мальты ў арганізацыі.

Нагадаем, што на мінулым тыдні, падчас пасяджэння пастаяннай рады АБСЕ, якое праходзіла ў Вене, Беларусь і Расея наклалі вета на прыняцце кандыдатуры Эстоніі ў якасці старшыні арганізацыі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў