Завяршэнне справы «аналітыкаў Ціханоўскай» і затрыманні за каментары пра тэракт у Расеі


«Белсат» працягвае сачыць за рэпрэсіямі, якія штодня адбываюцца ў Беларусі.

Сёння сілавікі з асаблівай зацятасцю шукалі людзей, якія каментавалі падзеі, што адбыліся ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе». Так, вядома пра затрыманне мужчыны, які напісаў словазлучэнне «Разанскі цукар» пад навіной аб тэракце. Мужчыну завуць Раман Якімянок.

За падобныя каментары былі затрыманыя жыхар з Гарадзеншчыны, а таксама мінімум чацвёра жыхароў з Гомельшчыны. Каментары, якія яны пакідалі пад навінамі пра тэракт у Падмаскоўі, сілавікі палічылі «цынічнымі».

Сёння стала вядома, які прысуд вынес суд Партызанскага раёны горада Менска ў дачыненні да Андрэя і Наталлі Герасіменкаў. Іх прызналі вінаватымі паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у адным з мірных сходаў у Менску ў 2020 годзе. Андрэй і Наталля прызналі віну і адзначылі, што ўзялі ўдзел у мерапрыемстве з цікаўнасці, а бела-чырвона-белыя сцягі для фатаграфавання бралі ў незнаёмых людзей у натоўпе. Сужэнцаў асудзілі на 2,5 гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі»).

«Аналітыкі Ціханоўскай».
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Сёння Следчы камітэт паведаміў аб заканчэнні расследаванне справы ў дачыненні да 20 «аналітыкаў Ціханоўскай». У іх лік уваходзяць Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандр Дабравольскі, Юрый Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык, Кацярына Шмаціна. Крымінальная справа перададзена ў суд, фігурантаў абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў