Літоўскія памежнікі расказалі пра наплыў «крыгаў», начыненых беларускімі цыгарэтамі


Друскінінкайскія памежнікі расказалі 26 студзеня, што за дзень тройчы вылоўлівалі з Нёману замаскаваныя пад крыгі плыты з беларускімі цыгарэтамі і GPS-трэкерамі.

Табакрыга
Замаскаваны пад крыгу плыт з беларускімі цыгарэтамі, вылаўлены памежнікамі ў Нёмане. Шандубра, Літва. 26 студзеня 2024 года.
Фота: Vsat.lrv.lt

Паводле памежнікаў, «улоў» за адзін толькі дзень склаў 3080 пачак на суму каля 13 тысяч еўра.

Гэтыя «плыты-крыгі» высокатэхналагічныя: цыгарэты не проста загорнутыя ў поліэтылен і прысыпаныя снегам і лёдам. Канструкцыя мае таксама прымацаваны GPS-трэкер і бетонны блок для рэгулявання плывучасці.

Табакрыга
Замаскаваны пад крыгу плыт з беларускімі цыгарэтамі, вылаўлены памежнікамі ў Нёмане. Шандубра, Літва. 26 студзеня 2024 года.
Фота: Vsat.lrv.lt
Табакрыга
Замаскаваны пад крыгу плыт з беларускімі цыгарэтамі, вылаўлены памежнікамі ў Нёмане. Шандубра, Літва. 26 студзеня 2024 года.
Фота: Vsat.lrv.lt

Гэта не новая тэхналогія, такія «крыгі курыльшчыка» заўважалі яшчэ ў 2021 годзе. Кантрабандысты возяць цыгарэты таксама ў колах машынаў, драўляных дошках і бочках з пяском, але часам нават не спрабуюць схаваць кантрабанду.

Нярэдка цыгарэты перапраўляюць беспілотнікамі. Каб змагацца з такім спосабам кантрабанды, Літва закупіць 70 беспілотнікаў і 57 антыдронаў у 2024–2025 гадах. Цяпер для гэтых мэтаў ёсць 42 беспілотнікі і 7 антыдронаў.

Hавiны
Літоўскія мытнікі разрэзалі аўтамабіль беларуса, каб дастаць кантрабанду
2024.01.24 15:45

У 2023 годзе ў Літве перахапілі кантрабандавыя цыгарэты на суму больш за 51,3 млн еўраў. 95 % тытунёвых вырабаў былі з Беларусі. Нярэдка такая кантрабанда ідзе і ў Польшчу і Латвію, партыі могуць каштаваць сотні тысяч еўра.

Бізнес, звязаны з кантрабандаю цыгарэтаў, «ёсць асноваю фінансавай мадэлі дыктатарскага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі», расказваў «Белсату» навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Алег Мазоль. Паводле яго, даходы ад нелегальнага бізнесу ідуць у такія юрысдыкцыі, як Кіпр і ААЭ. А затым пад выглядам замежных інвестыцыяў вяртаюцца ў Беларусь і інвестуюцца ўжо ў іншыя манапалізаваныя рэжымам сферы.

Аналітыка
Чаго больш у Беларусі: «Табакерак» ці «Саюздрукаў», «Еўраоптаў» ці райпо? Статыстыка
2023.11.24 18:08

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў