«Нам не трэба Неўскіх і Суворавых!» Беларусы прайшлі па Варшаве Маршам герояў


Некалькі соцень беларусаў прайшлі Маршам герояў па цэнтры Варшавы ў нядзелю 26 лістапада. Шэсце ладзілася ў гонар Слуцкага збройнага чыну, 103-юю гадавіну якога адзначаць дзень пазней. Памяць беларускіх герояў, палеглых за свабоду і незалежнасць Айчыны, ушанавалі на мітынгу на плошчы Каперніка.

Удзельнікі маршу ў Дзень беларускіх герояў ідуць са сцягамі і банерамі на падтрыманне палітычных вязняў. Варшава, Польшча. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Лейтматывам акцыі быў заклік вызваліць усіх беларускіх палітычных вязняў. Шмат хто з удзельнікаў шэсця трымаў у руках партрэты палітзняволеных Паўла Мажэйкі, Кацярыны Андрэевай, Яўгена Меркіса, Ларысы Шчыраковай, Вячаслава Лазарава, Паўла Падабеда ды іншых.

«Беларусь вытрывала і выжыла. Памятайма пра гэта!»

На шмат якіх банерах – патрабаванні свабоды Алесю Бяляцкаму, Ірыне Леўшынай, Дзянісу Івашыну, Вользе Маёравай, Рыгору Кастусёву, Анджэю Пачобуту.

«Беларусь будзе вольнай!» – напісана на расцяжцы з выяваю палітвязня Паўла Севярынца. Удзельнікі Маршу герояў скандуюць лозунгі «Жыве Беларусь!», «Слава Украіне!» і «Niech żyje Polska!». Перад пачаткам шэсця беларусы выканалі «Пагоню» і ваярскі марш, які спявалі ў 1920 годзе слуцкія паўстанцы.

Удзельнікі маршу ў Дзень беларускіх герояў ідуць са сцягамі і банерамі на падтрыманне палітычных вязняў. Варшава, Польшча. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Упэўнены: каб не было так холадна, людзей бы прыйшло больш. Я дык ужо не баюся холаду. Бяру ўдзел у шэсці, бо не магу не браць удзелу. Ушанаваць беларускіх герояў – абавязак кожнага беларуса», – кажа былы беларускі палітвязень, які ідзе ў калоне.

«Цяпер, калі так халодна, падумайце што было 103 гады таму, калі разарвалі нашую Радзіму. Але Беларусь вытрывала і выжыла. Памятайма пра гэта!» – нагадваў у мікрафон лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык у галаве калоны.

«Менавіта любоў вызваляе ад страху»

Каля помніку Мікалаю Каперніку адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны Дню беларускіх герояў. Распачаў яго беларускі каталіцкі святар Вячаслаў Барок, які зазначыў у прамове, што героі Слуцкага збройнага чыну нічым не адрозніваліся ад сучасных беларусаў, мелі такія ж мары і слабасці, рабілі памылкі. Але дзеля Беларусі яны маглі пайсці на шмат што, нават – ахвяраваць сваім жыццём.

Мужчына трымае вялікі бела-чырвона-белы сцяг падчас маршу ў Дзень беларускіх герояў. Варшава, Польшча. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Адкуль бярэцца такі гераізм? Гераізм з’яўляецца тады, калі ў сэрцы ёсць любоў. І гэтыя героі любілі сваю краіну, сваю зямлю, той народ, да якога належалі. Менавіта любоў вызваляла іх ад страху тады, калі трэба было ісці шляхам змагання.

Не вагаючыся, змагацца за Беларусь, за краіну, якую прагнулі будаваць на праўдзе і справядлівасці», – сказаў на мітынгу ксёндз Вячаслаў Барок.

На плошчы агучылі імёны загінулых герояў Слуцкага збройнага чыну. А таксама імёны палітыкаў, актывістаў і палітычных вязняў, забітых лукашэнкаўскім рэжымам ці загінулых у  турмах. Сяброўка палітычнага вязня Вітольда Ашурка, забітага ў турме, журналістка Вольга Быкоўская прапанавала стварыць – пакуль што віртуальны – нацыянальны пантэон герояў.

Удзельнікі маршу ў Дзень беларускіх герояў трымаюць сцягі і банэры з партрэтамі палітычных вязняў. Варшава, Польшча. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Перад сабранымі агучылі віншаванне з Днём беларускіх герояў старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, у якім яна параўнала слуцкіх паўстанцаў з украінскімі героямі, якія змагаюцца супраць расейцаў за свабоду свайго краю.

«Іхны стрэл трапляе ў кожнага з нас»

Украіну згадаў у сваім выступе і дзеяч польскай «Салідарнасці», галоўны рэдактар «Gazeta Wyborcza» Адам Міхнік. Ён заўважыў, што кожны стрэл, які трапляе сёння ва ўкраінскага абаронцу дэмакратыі і свабоды, трапляе насамрэч у кожнага з прысутных.

Галоўны рэдактар польскага выдання «Gazeta Wyborcza» Адам Міхнік прамаўляе падчас святкавання Дня беларускіх герояў. Варшава, Польшча. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Сёння нашыя лёсы вызначаюцца ва Украіне. Усе мы просім свет дапамагчы Украіне, бо не будзе вольнай Еўропы без яе перамогі. Бо нашыя краіны будуць пад сталаю пагрозаю лакальных пуцінаў, лукашэнак і януковічаў. Таму мусім разам паўтарыць словы са старой песні Булата Акуджавы: «Возмемся за руки друзья». Беларусы, украінцы, палякі і тыя расейцы, якія не паддаліся хамскай і хлуслівай прапагандзе Пуціна, возьмемся за рукі, каб абараніць нашую свабоду!» – заклікаў Адам Міхнік.

Аб’ектыў
Слуцкі збройны чын у 1920 годзе не меў геапалітычнага шанцу, як і беларусы ў 2020-м – гісторык
2022.11.26 22:54

Міхнік таксама выказаў меркаванне, што без прыкладу мірных беларускіх пратэстаў у 2020 годзе не было б вяртання да дэмакратыі ў Польшчы ў 2023 годзе.

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і старшыня НАУ Павел Латушка зазначыў у прамове, што бел-чырвона-белы сцяг вельмі прыгожа лунае над Кракаўскім прадмесцем Варшавы, але абавязкова залунае і над праспектам Незалежнасці ў Менску.

Павел Латушка прамаўляе падчас святкавання Дня беларускіх герояў. Варшава, Польшча. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Бо гэта сцяг свабоды, сцяг нашых герояў! Беларусам не трэба ствараць міфалогіі ўласнай гісторыі, нам не трэба Неўскіх і Суворавых, бо мы маем Касцюшку, Каліноўскага і герояў Слуцкага збройнага чыну. І маем яшчэ сённяшніх герояў – сапраўдных лідараў дэмакратычных сілаў Беларусі, якія, на жаль, застаюцца ў турмах.

Гэта Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Максім Знак… Іх тысячы. Тысячы герояў, якія не могуць выказацца публічна. Але мы можам, павінны і абавязаныя казаць сёння за іх», – адзначыў Павел Латушка.

Дзеці палітзняволенай Антаніны Канавалавай.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Воклічамі «Жыве Беларусь!» быў сустрэты верш, які прачытала на мітынгу Наста Канавалава, дачка палітзняволенай Антаніны Канавалавай.

«Наш чын будзе больш паспяховы»

Перад прысутнымі выступіла таксама жонка палітычнага вязня Дзяніса Івашына.

«За апошнія 200 гадоў нашыя спробы вызваліцца былі, на жаль, не такімі паспяховымі, як хацелася б. Таму маем сёння тысячы палітвязняў, нават не ведаем імёны многіх з іх… Толькі сам беларускі народ мусіць вызваліць закладнікаў рэжыму. І толькі мы мусім вызначыць наш лёс. І спадзяюся, што наш чын будзе больш паспяховы», – сказала на мітынгу Герояў Вольга Івашына.

Вольга Івашына, жонка палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына, бярэ ўдзел у шэсці да Дня беларускіх герояў. Варшава, Польшча. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Мітынг на плошчы Каперніка, на якім прамаўлялі прадстаўнікі розных беларускіх партыяў, польскія палітыкі і грамадскія актывісты, сваякі палітычных вязняў доўжыўся больш за дзве гадзіны і скончыўся прыняццем рэзалюцыі з асуджэннем дзеянняў лукашэнкаўскага рэжыму і патрабаваннем вызваліць усіх палітычных вязняў з беларускіх турмаў.

Вячаслаў Сіўчык заклікаў праваабаронцаў не змяншаць колькасці палітзняволеных і перагледзець крытэрыі надання статусу палітвязня асуджаным беларусам.

Удзельнікі маршу ў Дзень беларускіх герояў ідуць са сцягамі і банерамі на падтрыманне палітычных вязняў. Варшава, Польшча. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Дзень беларускіх герояў у Варшаве скончыўся канцэртам на Замкавай плошчы.

Гісторыі
Слуцкі збройны чын: «Тым, якія першымі паўсталі і пайшлі ўміраць, каб жыла Бацькаўшчына»
2022.11.27 14:26

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў